Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 мая 2018, 10:05

Міністр спорту азнаёміўся з завяршальнымі работамі на стадыёне "Дынама" ў Мінску

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук ацаніў ход рэканструкцыі стадыёна "Дынама", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінспорту.

У ходзе вытворчай нарады на аб'екце кіраўніку спартыўнага ведамства далажылі аб ходзе і выкананні графіка работ. Як адзначыў генеральны дырэктар ААТ "Будтрэст нумар 1" Уладзімір Бублік, аб'ект знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці. Спецыялісты пачалі пусканаладачныя работы сантэхнічнага і электраабсталявання. Актыўна добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. Дахавае пакрыццё стадыёна гатова на 92 працэнты. Ідзе падрыхтоўка дрэнажу поля, само ядро гатова прыкладна на 88 працэнтаў. У бліжэйшы час пачнецца ўкладка газона і сінтэтычнага пакрыцця бегавых дарожак. На разміначным стадыёне газон ужо ўкладзены. Гатовы практычна ўсе трыбуны, завяршаецца чыставая аддзелка ўнутраных памяшканняў.

Спецыялісты фарбуюць фасад стадыёна з боку вуліцы Ульянаўскай, які, як і цэнтральная аркада з боку вуліцы Кірава, уяўляе гістарычную каштоўнасць.

"Персанал працуе ў тры змены, кожны дзень на аб'екце задзейнічана больш за 1600 чалавек. Мы разумеем, што краіна чакае адкрыцця стадыёна "Дынама", які з'яўляецца адным з сімвалаў сталіцы, аб'ектам, дзе праходзіла мноства важных спаборніцтваў. Упэўнены, пасля рэканструкцыі тут зноў закіпіць спартыўнае жыццё. Будаўнікі стараюцца рабіць усё своечасова і якасна", - сказаў Уладзімір Бублік.

Як падкрэсліў міністр спорту і турызму, пасля адкрыцця стадыёна ніводны пакой, ніводная зала не павінны пуставаць. Завяршыць рэканструкцыю намечана да 31 мая.

У ходзе II Еўрапейскіх гульняў у Мінску ў 2019 годзе стадыён "Дынама" прыме цырымонію адкрыцця і закрыцця, таксама тут пройдуць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі