Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
17 жніўня 2017, 18:03

Мінадукацыі плануе ўзмацняць падтрымку студэнцкага спорту

17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі плануе ўзмацняць падтрымку студэнцкага спорту. Аб гэтым сёння заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў час сустрэчы з беларускай спартыўнай дэлегацыяй, якая будзе выступаць на XXIX Сусветнай летняй універсіядзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Карпенка адзначыў, што прынята праграма развіцця студэнцкага спорту. І для міністэрства адукацыі важна, каб да гэтай праграмы падключыліся ўсе. "Мы плануем сур'ёзна працаваць па гэтай тэматыцы, падтрымліваць маладых спартсменаў. І ўзаемадзейнічаем з Міністэрствам спорту і турызму ў галіне рэалізацыі праграмы. Цяпер, напрыклад, разглядаецца перспектыва ўвядзення шэрага прэферэнцый юным спартсменам для паступлення ў ВНУ, - сказаў ён. - Наша задача - стварыць масавы спорт, у тым ліку ў вышэйшай школе, каб маладыя людзі не толькі дасягалі дастойных спартыўных рэзультатаў, але і атрымалі якасную адукацыю".

Міністр падзякаваў маладым спартсменам за ўклад у развіццё спорту - як студэнцкага, так і ў цэлым беларускага, і пажадаў поспехаў на маючых адбыцца спаборніцтвах. "Удзел ва ўніверсіядзе вельмі важны, і мы стараемся падтрымліваць гэты рух. Праведзена шмат арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, якія дадуць магчымасць і далей развіваць Беларускую асацыяцыю студэнцкага спорту. Дарэчы, кіраўнік асацыяцыі Аляксандр Багдановіч уключаны ў склад калегіі Мінадукацыі. Тым самым мы падкрэсліваем, што ведамства будзе аказваць падтрымку студэнцкаму спорту", - адзначыў Ігар Карпенка.

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, які таксама прысутнічаў на праводзінах каманды, вітаў маладых спартсменаў ад імя ведамства і нагадаў аб арыенцірах. "Самая паспяховая для нас універсіяда была ў 2013 годзе - тады мы занялі 5-е месца. Такі рэзультат павінен быць для вас своеасаблівым арыенцірам, да яго трэба імкнуцца і старацца перасягнуць", - сказаў намеснік міністра.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч у сваю чаргу заўважыў, што развіццё спорту сярод студэнтаў у Беларусі набірае абароты, і таксама пажадаў атлетам удачы. "Нічога не прыносіць столькі задавальнення, як момант, калі ты стаіш на п'едэстале і падымаецца сцяг тваёй краіны. Я жадаю вам зведаць гэтыя пачуцці, жадаю праславіць нашу краіну. А мы ўсё зробім для таго, каб стварыць вам неабходныя ўмовы для поспехаў", - сказаў ён.

Сустрэча з беларускай камандай спартсменаў завяршылася цырымоніяй перадачы сцяга - яго дэлегацыі ўручыў Ігар Карпенка.

XXIX Сусветная летняя ўніверсіяда пройдзе з 19 па 30 жніўня ў горадзе Тайбэй (Тайвань). У спаборніцтвах прымуць удзел каля 11 тыс. прадстаўнікоў больш як 130 краін. Ад Беларусі выступяць 34 атлеты, якія прадстаўляюць 13 ВНУ. Беларусы будуць удзельнічаць у спаборніцтвах па 9 відах спорту: фехтаванне, цяжкая атлетыка, таэквандо, плаванне, ролер-спорт, настольны тэніс, лёгкая атлетыка, ушу, мастацкая гімнастыка. У складзе беларускай каманды праслаўленая спартсменка Дар'я Навумава - сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2016 года ў спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы. Таксама выступаць будзе Эльвіра Герман - неаднаразовы прызёр міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў бар'ерным бегу. Сярод спартсменаў і Павел Барэйша - сярэбраны прызёр Сусветнай летняй універсіяды - 2015 у кіданні молата, а таксама іншыя вопытныя атлеты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі