Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 снежня 2017, 10:41

МАК дапусціў расійскіх атлетаў да ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях пад нейтральным сцягам

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) на пасяджэнні выканкама ў Лазане прыняў рашэнне дапусціць расійскіх атлетаў да ўдзелу ў XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане пад нейтральным сцягам. Аб гэтым заявіў 5 снежня пасля завяршэння нарады прэзідэнт МАК Томас Бах, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Расійскія спартсмены, якія будуць удзельнічаць у зімовых Гульнях пад алімпійскім сцягам, атрымаюць абрэвіятуру OAR (Olympic Athlete from Russia - алімпійскі атлет з Расіі).

Спецыяльная камісія вызначыць "чыстых" расійскіх спартсменаў, якія змогуць выступіць на галоўных стартах чатырохгоддзя. Камісію ўзначаліць кіраўнік Незалежнай арганізацыі допінг-тэсціравання (ITA) Валеры Фурнейрон. Адзін з членаў камісіі будзе назначаны Сусветным антыдопінгавым агенцтвам (WADA), другі - DFSU (Doping Free Sport Unit) і трэці - МАК (Рычард Баджэт, кіраўнік медыцынскага дэпартамента МАК).

Прэтэндаваць на ўдзел у Гульнях змогуць спартсмены, якія прайшлі кваліфікацыю на спаборніцтвы, не былі дыскваліфікаваны або адхілены за парушэнне антыдопінгавых правіл, а таксама прайшлі допінг-тэсціраванне, рэкамендаванае рабочай групай.

МАК таксама прыпыніў членства Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) у арганізацыі, не акрэдытаваў чыноўнікаў Міністэрства спорту РФ у Пхёнчхан, адхіліў віцэ-прэм'ера ўрада Расіі Віталя Мутко, які ў 2014 годзе займаў пасаду міністра спорту, і яго намесніка на той момант Юрыя Нагорных ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях, а таксама прыпыніў членства ў МАК прэзідэнта АКР Аляксандра Жукава.

Лёс расійскіх атлетаў вырашалі 15 членаў МАК. На пасяджэнні былі прадстаўлены даклады камісіі пад кіраўніцтвам Дзяніса Освальда, якая займалася пераправеркай сочынскіх допінг-проб і выяўленнем слядоў распячатвання, а таксама Самуэля Шміда, які ўзначальваў другую камісію. Прадстаўнікі МАК павінны былі ўстанавіць ролю і ўдзел дзяржаўных органаў у допінгавай сістэме ў Расіі.

Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане пройдуць з 9 па 26 лютага 2018 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі