Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
02 мая 2018, 14:02

Мадрыдскі "Рэал" трэці раз запар выйшаў у фінал Лігі чэмпіёнаў

2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першым фіналістам футбольнай Лігі чэмпіёнаў стаў мадрыдскі "Рэал", які перамог па суме дзвюх сустрэч 1/2 фіналу мюнхенскую "Баварыю", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У паўфінальным паядынку ў адказ на полі мадрыдскага "Сант'яга Бернабеу" каманды адразу пайшлі ў атаку і на 3-й мінуце гасцей вывеў наперад Джошуа Кіміх, які вызначыўся і ў дэбюце першай сустрэчы ў Мюнхене. Праз 8 мінут Карым Бензема аднавіў раўнавагу - 1:1. Пасля яркага стартавага адрэзка сапернікі не збаўлялі абароты, але да перапынку забітых мячоў больш не было. Затое ледзь пачаўся другі тайм, як Карым Бензема забіў свой другі гол, скарыстаўшыся грубай памылкай абароны баварцаў. Пасля гэтага госці пайшлі ў атаку вялікімі сіламі і на 63-й мінуце Хамес Радрыгес зноў зрабіў лік роўным - 2:2. Мюнхенцы прадаўжалі дамінаваць, стварылі шмат небяспечных сітуацый, але так і не змаглі прабіць галкіпера мадрыдцаў Кейлара Наваса, які выдатна гуляў.

У першай сустрэчы, якая праходзіла 25 красавіка ў Мюнхене, "Рэал" перамог з лікам 2:1.

"Каралеўскі клуб" дабраўся да фіналу ЛЧ трэці раз запар, прычым абодва папярэднія ён выйграваў. "Рэал" з'яўляецца рэкардсменам па колькасці заваяваных трафеяў галоўнага кантынентальнага турніру - іх у яго 12.

Другі ўдзельнік вырашальнага паядынку цяперашняга сезона ЛЧ вызначыцца сёння позна вечарам на рымскім "Стадыё Алімпіка", дзе італьянская "Рома" прыме англійскі "Ліверпуль" (прамая трансляцыя ў 21.45 на тэлеканале "Беларусь 5"). Іх першая паўфінальная сустрэча 24 красавіка на "Энфілдзе" завяршылася вікторыяй ліверпульцаў - 5:2.

Фінальны матч чэмпіёнскай Лігі адбудзецца 26 мая ў Кіеве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі