26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лёгкаатлеты Францыі, Германіі і Украіны выйшлі ў фінал каманднага турніру па лёгкай атлетыцы на II Еўрапейскіх гульнях у Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Па выніках першага паўфіналу, які завяршыўся на стадыёне "Дынама", у эстафеце праследавання перамаглі ўкраінцы, другія - французы, замкнулі тройку лепшых атлеты Германіі.
Фармат турніру прадугледжвае выступленне ў васьмі відах, па выніках кожнага налічваюцца ачкі, а ў дзявятым, эстафеце праследавання, каманды стартуюць у залежнасці ад адставання ў агульным заліку.
У другім паўфінале каманднага турніру на стадыёне "Дынама" чакаецца сёння не менш гарачая барацьба. За выхад у фінал паспаборнічаюць лёгкаатлеты Беларусі, Расіі, Чэхіі, Італіі, Іспаніі і Венгрыі.
Медалі ў камандным турніры па лёгкай атлетыцы будуць разыграны 28 чэрвеня.-0-