Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Краўцоў: прыгожая перамога "Нёмана" стане цудоўным стымулам для юных хакеістаў

Спорт 20.04.2018 | 10:29
У час цырымоніі
У час цырымоніі

20 красавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіёнства "Нёмана" стане цудоўным стымулам для юных хакеістаў. Такое меркаванне ў час цырымоніі ўшаноўвання ігракоў і трэнераў хакейнага клуба "Нёман", які стаў сяміразовым чэмпіёнам краіны па хакеі, выказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нёман" у апошнія гады рэгулярна спаборнічае за самыя высокія месцы, акрамя таго, каманда другі год запар заваёўвае залатыя медалі. Ушаноўвалі каманду 19 красавіка ў абласным драматычным тэатры. Ігракоў і трэнерскі штаб сустракалі балельшчыкі. У фае тэатра прайшла нефармальная сустрэча, аўтограф-сесія. Кожны мог сфатаграфавацца з ігракамі, а таксама з Кубкам Прэзідэнта. Свабодных месцаў у вялікай зале драмтэатра не было, балельшчыкі прыйшлі падтрымаць і падзякаваць камандзе.

"Завершаны хакейны сезон стаў значнай падзеяй для гродзенскага хакея: наша каманда выйграла рэгулярны чэмпіянат, заваявала ў плэй-оф Кубак Прэзідэнта. Дзякуем хакеістам і трэнерскаму штабу за мужнасць, характар, прафесійныя адносіны да работы. Гэта прыгожая перамога - цудоўны стымул для падрастаючага пакалення, юных хакеістаў. Іх, дарэчы, у нашых спартыўных школах займаецца больш за 700", - дадаў Уладзімір Краўцоў.

"Асобна хачу падзякаваць балельшчыкам "Нёмана", якія не раз на працягу сезона даказвалі, што яны, як і каманда, - лепшыя ў краіне!" - падкрэсліў губернатар. Медаль уручылі і прадстаўнікам фан-клуба каманды.

З віншаваннямі да каманды і балельшчыкаў звярнуўся старшыня Федэрацыі хакея Гродзенскай вобласці, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук. Ён адзначыў, што спартыўныя перамогі - лепшы спосаб праславіць родны горад, рэгіён і краіну. Падзякаваў камандзе за працу і праяўлены характар.

"І для нас, і для балельшчыкаў такія сустрэчы важныя. Прыемна, што ў Гродне любяць і цэняць хакей, каманду. Перамога стала вынікам напружанага і цяжкага сезона. Рады за хлопцаў, яны шмат працавалі, ішлі да гэтага", - адзначыў галоўны трэнер "Нёмана" Сяргей Пушкоў.

Ушаноўвалі 19 красавіка на сцэне і юных хакеістаў. У прыватнасці, узнагароды за паспяховае выступленне ў чэмпіянаце краіны атрымала дзіцячая каманда Гродзенскага цэнтра алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай, а таксама пераможцы і прызёры "Залатой шайбы" - аматарскія каманды "Арляняты" са Шчучынскага раёна і "Прынёманскія ястрабы" з Гродна.

Хакеісты "Нёмана" 6 красавіка абаранілі тытул чэмпіёнаў Беларусі ў экстралізе, атрымаўшы перамогу ў шостым матчы фінальнай серыі плэй-оф над мінскім "Юнацтвам" з лікам 3:2. Вынік фінальнай серыі плэй-оф экстралігі - 4:2 на карысць гродзенскай каманды.

Для хакейнага клуба "Нёман" гэта сёмы тытул у гісторыі. Раней каманда з Гродна станавілася пераможцам чэмпіянату ў 1998, 1999, 2001, 2013, 2014, 2017 гадах. Каманда Сяргея Пушкова трэці раз прыме ўдзел у хакейнай Лізе чэмпіёнаў.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Спорт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Сельскагаспадарчыя работы ў Беларусі Па стане на 10 кастрычніка сельгасарганізацыямі ўбрана: цукровыя буракі - 49,1 тыс. га; лён - 43,7 тыс. га; бульба - 25,1 тыс. га; кукуруза - 768,1 тыс. га.