Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 кастрычніка 2016, 10:57

Колькасць відаў спорту на Еўрагульнях-2019 будзе поўнасцю адпавядаць інфраструктуры - Рыжанкоў

24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць відаў спорту на Еўрапейскіх гульнях-2019 будзе поўнасцю адпавядаць існуючай інфраструктуры, заявіў першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БЕЛТА.

"У кааперацыі з намі адпрацаваны будзе пералік відаў спорту, па якіх будуць гэтыя Гульні праводзіцца. Але пералік відаў спорту будзе строга адпавядаць той інфраструктуры, якая сёння ёсць, - адзначыў Максім Рыжанкоў. - У сувязі з гэтым мы роўна столькі відаў спорту заявім на Еўрапейскія гульні, наколькі сёння інфраструктура горада Мінска дасць магчымасць нам іх правесці без сур'ёзных капіталаўкладанняў".

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што беларускаму боку ў плане падрыхтоўкі абяцана падтрымка і ўжо прадстаўлены пэўныя кампаніі, якія з'яўляюцца партнёрамі еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў і Міжнароднага алімпійскага камітэта, - разам з Беларуссю яны будуць ажыццяўляць маркетынгавую і прамоўшн-праграму з накіраваннем большасці даходаў на пакрыццё расходаў па правядзенні маштабнага спартыўнага мерапрыемства.

Паводле слоў першага віцэ-прэзідэнта НАК, у час маючых адбыцца Еўрагульняў Беларусь плануе прымяніць такі ж парадак уезду на сваю тэрыторыю, які дзейнічаў на чэмпіянаце свету па хакеі ў 2014 годзе. "Гэта значыць для спартсменаў, удзельнікаў гэта будзе бязвізавы ўезд, для гасцей - мы падумаем, я не гатовы цяпер сказаць, які будзе механізм, але на ЧС гэта быў уезд па білеце, які адыгрываў наогул ролю візы", - нагадаў ён.

Гаворачы аб тым, як будзе будавацца ў далейшым работа па падрыхтоўцы мерапрыемстваў, Максім Рыжанкоў адзначыў, што цяпер ідзе збор неабходнай інфармацыі, каб потым прадметна з рабочай групай, якая створана ў еўрапейскіх алімпійскіх камітэтах, абмеркаваць пералік неабходных пунктаў для ўключэння ў падагульняючы кантракт для правядзення Еўрагульняў.

Як паведамлялася, рашэнне аб правядзенні ў Беларусі другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе прынята па выніках галасавання на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое прайшло ў Мінску.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі