Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 мая 2016, 19:42

Кацярына Карстэн атрымала права выступіць на сёмай Алімпіядзе запар

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Двухразовая алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн атрымала права выступіць на сёмай Алімпіядзе запар, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння ў час фінальнага заезду адзіночных экіпажаў алімпійскай кваліфікацыйнай рэгаты па акадэмічным веславанні ў Люцэрне беларуска заняла трэцяе месца з рэзультатам 7 мін 25,940 сек. Кацярына Карстэн апярэдзіла датчанку Фіе Удбю Эрыксен, якой прайграла ў паўфінале, але ўступіла новазеландцы Эме Твіг - 7 мін 21,870 сек, што заняла першае месца, і Саніце Пусп'юр з Ірландыі, якая прыйшла да фінішу другой, - 7 мін 24,760 сек. Пуцёўкі ў Рыа атрымалі чатыры лепшыя спартсменкі па выніках заезду.

"Фінальная гонка ўдалася. Перад стартам у Люцэрне я разлічвала на ліцэнзію, але гэта спорт, усялякае магло здарыцца. Сёння ў мяне ўсё атрымалася", - пракаменціравала сайту Міжнароднай федэрацыі акадэмічнага веславання вынікі выступлення Кацярына Карстэн.

Летнія Гульні ў Рыа стануць для беларускі сёмымі ў кар'еры. Упершыню ўраджэнка Крупскага раёна выступіла на Алімпіядзе ў 1992 годзе ў Барселоне, дзе стала бронзавым прызёрам у класе лодак чацвёрка-парная. На рахунку Кацярыны залатыя ўзнагароды Гульняў у лодцы-адзіночцы ў Атланце і Сіднеі, серабро 2004 года ў Афінах і бронзавы медаль Пекіна. У 2012-м у Лондане яна заняла пятае месца.

На старт у Люцэрне выйшлі і беларусы Дзяніс Суравец і Дзмітрый Фурман, якія занялі чацвёртае месца ў фінальным заездзе двоек расхінных без рулявога і не змаглі кваліфікавацца на Алімпіяду. Гонку выйгралі Якуб Подражыл і Лукаш Хелесіч з Чэхіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі