9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апеляцыйны камітэт асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ) сёння не змог прыняць рашэнне па справе Верамко. Для вынясення канчатковага вердыкту патрэбна дадатковая інфармацыя, таму пасяджэнне перанесена на 10 лістапада, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сутнасць праблемы ў тым, што дысцыплінарны камітэт і камітэт па этыцы АБФФ 13 кастрычніка залічыў футбольнаму клубу БАТЭ тэхнічнае паражэнне з лікам 0:3 у матчы 23-га тура чэмпіянату Беларусі са "Слуцкам". Гэта было звязана з тым, што ў заяўку на гульню неправамоцна быў унесены галкіпер барысаўчан Сяргей Верамко. Ён на поле не выходзіў, а БАТЭ атрымаў перамогу з лікам 6:0. Пасля гэтага высветлілася, што Верамко адбыў пяціматчавую дыскваліфікацыю за парушэнні ў гульні з "Мінскам" (0:1), але несвоечасова выплаціў выпісаны яму штраф. Таму, згодна з дысцыплінарным кодэксам АБФФ, дыскваліфікацыя павінна была прадоўжыцца да выплаты штрафу і Верамко нельга было ўключаць у заяўку на матчы чэмпіянату краіны.
Пазбаўлены трох важных ачкоў ФК БАТЭ не згадзіўся з такім пакараннем і падаў апеляцыю на рашэнне дысцыплінарнага камітэта АБФФ. Калі яна не будзе задаволена, то перспектывы БАТЭ ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул будуць пад вялікім пытаннем. За два туры да фінішу нацыянальнага першынства барысаўчане займаюць 3-е месца, маючы ў сваім актыве 61 ачко. Наперадзе салігорскі "Шахцёр", які набраў 65 балаў, і мінскае "Дынама", у якога 62 ачкі пасля 28 праведзеных сустрэч. Перадапошні, 29-ы тур, пройдзе 18 лістапада, а матчы заключнага гульнявога дня адбудуцца 26 лістапада.-0-