Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 студзеня 2018, 09:46

Калядны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі стартаваў у Мінску

4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску стартаваў XIV Калядны міжнародны турнір на прыз Прэзідэнта Беларусі. Восем каманд будуць весці барацьбу на працягу чатырох дзён за ганаровы трафей на дзвюх лядовых пляцоўках "Чыжоўка-Арэны", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Спаборніцкая праграма адкрылася сёння ў групе А матчам Швейцарыя - Кітай, які пачаўся на малой пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" ў 12.30. Хакеісты Швейцарыі на лёдзе "Чыжоўка-Арэны" абыгралі каманду Кітая з лікам 7:4 у стартавым паядынку 14-га Каляднага аматарскага турніру на прыз Прэзідэнта Беларусі.

Дзесяціразовы пераможца Каляднага турніру хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі ў другім матчы першага тура ў групе А ў 19.00 прыме на лёдзе вялікай пляцоўкі "Чыжоўка-Арэны" бронзавага прызёра мінулагодніх спаборніцтваў зборную Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Першая гульня ў групе В 4 студзеня пройдзе паміж зборнай Балкан і камандай Расіі (13.00; вялікая пляцоўка). Цікавым абяцае стаць процістаянне хакеістаў Швецыі і Чэхіі, у складзе апошніх заяўлены чэмпіёны свету і Алімпійскіх гульняў. Гэты матч на малой пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" стартуе ў 19.30.

Цырымонія адкрыцця пройдзе ў 17.30 на галоўнай арэне спарткомплексу.

Расклад астатніх сустрэч папярэдняга этапу XIV Каляднага турніру:

5 студзеня

Швейцарыя - ААЭ (12.30; малая пляцоўка), Чэхія - Балканы (14.00; вялікая пляцоўка), Беларусь - Кітай (19.00; вялікая пляцоўка), Швецыя - Расія (19.30; малая пляцоўка).

6 студзеня

Швецыя - Балканы (12.30; малая пляцоўка), Кітай - ААЭ (13.00; вялікая пляцоўка), Беларусь - Швейцарыя (19.00; вялікая пляцоўка), Чэхія - Расія (19.30; малая пляцоўка).

У заключны дзень спаборніцтваў, 7 студзеня, на вялікай пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" адбудуцца медальныя гульні: за 3-е месца паспрачаюцца каманды, якія занялі другія месцы (13.00), а пераможцы груп згуляюць у вырашальным матчы за галоўны прыз (18.00).

Паралельна з дарослымі вызначаць мацнейшых будуць і юныя хакеісты рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба" ў старэйшай узроставай групе. Восем каманд (6 з абласцей і 2 з Мінска) пазмагаюцца за званне мацнейшай. Фінал "Залатой шайбы" таксама пройдзе 7 студзеня ў "Чыжоўка-Арэне".

Балельшчыкі, якія прыйдуць у спарткомплекс у перапынках паміж перыядамі хакейных матчаў, змогуць прыняць удзел у спартыўных і забаўляльных конкурсах. Гледачы могуць размясціць сваё фота ў сацыяльных сетках з хэштэгам #хоккейдлявсех і прыняць удзел у конкурсе лепшых балельшчыкаў.

У ходзе турніру прадстаўнікі каманд 6 студзеня таксама прымуць удзел у дабрачыннай акцыі "Калядная традыцыя" і наведаюць дзіцячы дом нумар 5 у Мінску. Установе пералічана ўжо дапамога ў памеры Br25 тыс. Арганізатарамі гэтай акцыі выступаюць Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Федэрацыя хакея Беларусі.

Найбольшая колькасць тытулаў пераможцы Каляднага турніру аматараў хакея ў актыве хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі, якая 10 разоў станавілася трыумфатарам гэтых спаборніцтваў (2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016, 2017), тройчы поспех святкавала расійская дружына (2007, 2011, 2015).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі