Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
02 сакавіка 2017, 10:23

Ігар Крывушэнка ўзначаліў футбольную зборную Беларусі

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новым галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе будзе Ігар Крывушэнка, які таксама ўзначальвае жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ).

Ігар Крывушэнка змяніў Аляксандра Хацкевіча, які працаваў са зборнай Беларусі на працягу двух гадоў пачынаючы са снежня 2014-га. Пасля таго як беларускія футбалісты вельмі няўдала стартавалі ў адборачным турніры чэмпіянату свету - 2018, кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола 6 снежня 2016 года скасавала кантракт з Аляксандрам Хацкевічам. У ліку кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера было некалькі вядомых настаўнікаў, у прыватнасці, беларускі спецыяліст Алег Конанаў, украінец Віктар Скрыпнік і расіянін Аляксандр Барадзюк, але ў выніку выбар быў зроблены на карысць Крывушэнкі.

Ігар Крывушэнка з'яўляецца выхаванцам мінскай СДЮШАР-5. Гульнявую кар'еру ён пачаў у сталічным "Дынама", затым выступаў у гродзенскім "Нёмане", лідскім "Абуўшчыку", пасля чаго гуляў за межамі Беларусі, у прыватнасці, у якуцкім "Дынама" і "Селенге" з Улан-Удэ. На старце трэнерскага шляху Крывушэнка працаваў у магілёўскім "Тарпеда-Кадзіна", а ў 2001 годзе ўзначаліў барысаўскі БАТЭ, з якім двойчы выйграў золата чэмпіянату Беларусі (2006, 2007). У 2008 годзе пад яго кіраўніцтвам мінскае "Дынама" стала сярэбраным прызёрам нацыянальнага першынства. Перайшоўшы ў новасібірскую "Сібір", Крывушэнка ў 2009 годзе ўпершыню вывеў яе ў элітны дывізіён чэмпіянату Расіі, а ў наступным годзе, таксама ўпершыню, каманда стала фіналістам Кубка краіны і дэбютавала ў Лізе Еўропы.

Плануецца, што 53-гадовы Ігар Крывушэнка пакуль будзе сумяшчаць работу ў зборнай краіны і жодзінскім клубе, які трэніруе з 2012 года. У мінулым сезоне тарпедаўцы ўпершыню сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі, абыграўшы ў фінале барысаўскі БАТЭ.

Дэбют Ігара Крывушэнкі ў нацыянальнай зборнай адбудзецца 25 сакавіка ў Стакгольме, калі беларускія футбалісты правядуць адборачны матч сусветнага першынства супраць каманды Швецыі. Зборная Беларусі правяла ў 1-й кваліфікацыйнай групе 4 сустрэчы: з Францыяй - 0:0 (дома), Нідэрландамі - 1:4 (у гасцях), Люксембургам - 1:1 (дома), Балгарыяй - 0:1 (у гасцях). Турнірнае становішча: Францыя - 10 ачкоў (розніца мячоў - 7-2), Нідэрланды - 7 (8-4), Швецыя - 7 (6-3), Балгарыя - 6 (6-10), Беларусь - 2 (2-6 ), Люксембург - 1 (5-9).

У фінальную стадыю чэмпіянату свету 2018 года ад Еўропы трапяць пераможцы 9 груп. Яшчэ 4 пуцёўкі ў Расію ў матчах плэй-оф разыграюць 8 лепшых каманд з тых, хто зойме другія месцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі