Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 ліпеня 2016, 10:16

ICF не мае дакументаў вынікаў вобыску беларускіх весляроў у Францыі

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная федэрацыя каноэ (ICF) не мае дакументаў вынікаў вобыску беларускіх весляроў у Францыі. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Анатоль Котаў.

"Іск беларускага боку да ICF ужо знаходзіцца ў стадыі разгляду ў Спартыўным арбітражным судзе ў Лазане. У бліжэйшы час чакаем дастаткова важных рашэнняў па нашай справе. Дзякуючы дыпламатам пасольства Беларусі ў Францыі 21 ліпеня НАК атрымаў адказ следчага, у якім дакладна напісана, што ўсе матэрыялы гэтай справы з'яўляюцца тайнай следства. І ў адказ на жаданне Міжнароднай федэрацыі каноэ атрымаць доступ да матэрыялаў справы ёй было адмоўлена да атрымання гэтай арганізацыяй адпаведнага статусу ў працэсе. Гэта значыць, што ні на момант вынясення выканкамам ICF у Кракаве рашэння аб дыскваліфікацыі беларускіх весляроў, ні цяпер у кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі веславання няма дакументаў, на якія яно спасылаецца і якія яму нібы былі перададзены паліцыяй, Міністэрствам юстыцыі Францыі і судом горада Ажэн", - расказаў Анатоль Котаў.

Зыходзячы з вышэйсказанага, зусім незразумела, на чым грунтуецца рашэнне выканкама ICF аб адхіленні мужчынскай зборнай Беларусі ад удзелу ва ўсіх афіцыйных спаборніцтвах тэрмінам на адзін год.

Як паведамлялася, 12 ліпеня беларускі бок атрымаў факс з ICF, у якім гаварылася аб дыскваліфікацыі ўсёй Беларускай федэрацыі па веславанні на байдарках і каноэ. У той жа дзень была сфарміравана група з прыцягненнем кваліфікаванага адваката, якая выехала на пасяджэнне выканкама ICF у Кракаў. У выніку перагавораў на мінулым тыдні на працягу трох дзён удалося адхіліць частку абвінавачанняў, але выканкам пакінуў у сіле адхіленне на год ад усіх спаборніцтваў мужчынскай каманды па веславанні на байдарках і каноэ.

Беларускі бок не пагадзіўся з гэтым рашэннем, і ў панядзелак 18 ліпеня быў пададзены іск да ICF у міжнародны спартыўны арбітражны суд у Лазану, які павінен разгледзець справу аб зняцці пакарання з мужчынскай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ.

Абвінавачанні ICF грунтаваліся на выніках вобыску беларускай каманды ў час праходжання збораў у Францыі ў красавіку бягучага года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі