Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 кастрычніка 2016, 13:33

Хет-трык Роба Клінкхамера дапамог мінскаму "Дынама" абыграць "Сочы"

24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" атрымалі буйную перамогу 23 кастрычніка ў Мінску над сапернікамі з "Сочы" з лікам 5:2. Хет-трыкам у праведзенай сустрэчы вызначыўся форвард "зуброў" Роб Клінкхамер, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Абедзве каманды таксама сустракаліся 17 кастрычніка на пляцоўцы сочынцаў. Матч выдаўся не самы багаты на галы, і гаспадары пляцоўкі змаглі перамагчы ў авертайме 2:1.

"Дынама-Мінск" - "Сочы" - 5:2 (2:0, 2:0, 1:2)

Мінск. "Мінск-Арэна". 13777 гледачоў.

"Дынама": Скрывенс (Карнавухаў); Граньяні - Шынкевіч, Паўловіч - Кітараў - Амбражэйчык; Лісавец - Усціненка, Клінкхамер - Элісан - Касціцын; Карабань - Хенкель, Гаўрус - Стась - Мацярухін; Лапачук - Кулакоў - Сцяпанаў, Дрозд.

"Сочы": Барулін (Шыкін); Аляксандраў - Фантэнберг, Падакін - О'Дэл - Захарчук; Мамкін - Кузняцоў, Крыкуноў - Ігнатушкін - Лявіцкі; Дзярлюк - Гарохаў, Марозаў - Яцэнка - Талпека; Шчагалькоў - Мамашаў - Дзяльноў.

Шайбы: 1:0 - Элісан (Гаўрус, Усціненка, 11.58). 2:0 - Клінкхамер (Лісавец, Касціцын, 18.48, у большасці). 3:0 - Гаўрус (Стась, 25.11). 4:0 - Клінкхамер (31.52, у меншасці). 4:1 - Марозаў (Талпека, 51.51). 5:1 - Клінкхамер (Элісан, Сцяпанаў, 58.40, у большасці). 5:2 - Захарчук (Мамашаў, 59.04).

Кідкі: 33-18.

Штраф: 12 - 37.

У параўнанні з першай гульнёй у Сочы, у стане "зуброў" па-ранейшаму шмат траўміраваных ігракоў. Аднак у адрозненне ад папярэдніх паядынкаў дамашняй серыі на мінулым тыдні (паражэнне ад "Спартака" 1:5, перамога па булітах над "Тарпеда" 3:2), падапечныя Крэйга Вудкрафта прыстасаваліся дзейнічаць без шэрага ключавых ігракоў. Хоць менавіта лідары нападзення "Дынама" стварылі камфортную перавагу камандзе ўжо ў сярэдзіне другога перыяду.

У пачатку сустрэчы на "Мінск-Арэне" праходзіла роўная барацьба. У складзе гасцей таксама нямала вопытных хакеістаў, якія ўмеюць і любяць дзейнічаць агрэсіўна ў атацы. У дадатак выдаленні зарабілі Мэт Элісан і Аляксандр Кітараў. Гэты складаны адрэзак мінчане выстаялі, пасля чаго пачалі небяспечна пагражаць варотам сапернікаў. На 12-й мінуце першага перыяду індывідуальным майстэрствам вызначыўся Мэт Элісан, які перахапіў шайбу за варотамі сочынцаў, а затым з нязручнай рукі кінуў дакладна побач са штангай. У канцы першай дваццацімінуткі дынамаўцы ўпэўнена разыгралі большасць. Яўген Лісавец кінуў ад сіняй лініі, а Роб Клінкхамер умела падставіў клюшку, змяніўшы траекторыю палёту шайбы - 2:0.

У другім перыядзе перавага мінчан стала ячшэ больш адчувальная. Ігрок гасцей Павел Падакін быў выдалены да канца гульні за атаку саперніка ў вобласць галавы і шыі. Пяць мінут большасці не прынеслі дынамаўцам закінутых шайбаў, аднак менавіта ў гэты гульнявы адрэзак яны перахапілі ініцыятыву. У адной з атак Аляксандр Паўловіч не змог закінуць у пустыя вароты, але праз некалькі дзясяткаў секунд Артур Гаўрус замкнуў прастрэл Андрэя Стася каля далёкай штангі. Хутка Роб Клінкхамер пабег сам-насам з галкіперам "Сочы" Канстанцінам Баруліным і змог закінуць сваю другую шайбу ў матчы - 4:0.

У заключныя дваццаць мінут гульні каманды пастараліся падтрымліваць высокі тэмп гульні і небяспечна пагражалі варотам адна адной. Кур'ёзная шайба ўляцела ў вароты Бэна Скрывенса. Шайба пасля кідка Ягора Марозава ўдарылася аб плячо галкіпера, падляцела ўверх і апусцілася за спіну варатара мінчан. Трэцюю шайбу (хет-трык) у сустрэчы з "Сочы" закінуў Роб Клінкхамер, у хуткай атацы нападаючы зрабіў пас уздоўж плошчы варот гасцей, але абаронца Оскар Фантэнберг падставіў клюшку і стаў суаўтарам гола - 5:1. Канчатковы лік сустрэчы ўстанавіў Іван Захарчук.

Пасля перамогі над "Сочы" мінскія дынамаўцы перамясціліся на шостае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. На іх рахунку 40 ачкоў пасля 22 гульняў. Чарговы матч у КХЛ мінскае "Дынама" правядзе 27 кастрычніка ў гасцях супраць яраслаўскага "Лакаматыва".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі