Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
09 студзеня 2017, 09:03

Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі дзясяты раз выйграла Калядны турнір

9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі дзясяты раз выйграла Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. У фінале на "Чыжоўка-Арэне" гаспадары пляцоўкі абыгралі хакеістаў Фінляндыі з лікам 7:3 (2:0, 3:1, 2:2), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У вырашальным матчы спаборніцтваў, якія праводзіліся ў Мінску 13-ы раз, гаспадарам пляцоўкі ўдалося адкрыць лік ужо на 7-й хвіліне першага перыяду. Пасля перадачы Андрэя Глебава нападаючы Андрэй Міхалёў зрабіў праход да варот сапернікаў і змог перайграць фінскага галкіпера - 1:0. У канцы дваццаціхвілінкі беларусы атрымалі большасць, якой скарыстаўся Максім Слыш, удала згуляўшы на дабіванні каля варот сапернікаў - 2:0.

У другім перыядзе на 27-й хвіліне Яраслаў Чупрыс змог вызначыцца дакладным кідком. Менш як праз тры хвіліны, пры гульні ў меншасці, беларускія ігракі правялі хуткую контратаку, яе дакладнай перадачай замкнуў Канстанцін Кальцоў - 4:0. Потым сапернікі з Фінляндыі парушылі правілы. Гаспадары пляцоўкі добра разыгралі большасць, даўшы магчымасць Андрэю Глебаву закінуць пятую шайбу ў вароты гасцей. Прадстаўнікі краіны Суомі да адыходу на перапынак адзін гол адыгралі намаганнямі Рыку Халя - 5:1.

Больш упартай выдалася заключная дваццаціхвілінка вырашальнай гульні. Госці двойчы паразілі вароты беларусаў, але зраўнаваць лік фінам не ўдалося. Андрэй Асташэвіч - адзін з лідараў атакі хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі зрабіў галявы дубль, устанавіўшы канчатковыя лічбы на табло "Чыжоўка-Арэны" - 7:3.

Лепшымі ігракамі фінальнага матчу прызнаны Даніэль Корса (Беларусь) і Акі Уусікартана (Фінляндыя). Фінскія хакеісты другі раз гулялі ў фінале турніру - у 2016-м яны ўступілі беларусам з лікам 1:2.

Раней каманда Фінляндыі шэсць разоў заваёўвала бронзавыя ўзнагароды спаборніцтваў.

Арганізатары таксама назвалі лепшых ігракоў усяго турніру. Лепшым варатаром прызнаны Аляксандр Пятроў (ААЭ), абаронцам - Аляксандр Макрыцкі (Беларусь), нападаючым - Андрэй Асташэвіч (Беларусь), лепшым бамбардзірам XIII Каляднага турніру стаў фінскі нападаючы Тоні Макіяха.

Бронзу турніру ўпершыню ўзяла каманда Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. 7 студзеня ў паядынку за 3-е месца яна выйграла ў каманды Славакіі з лікам 4:3.

Беларусы дзясяты раз сталі пераможцамі турніру. Каманда Прэзідэнта Беларусі раней перамагала на Калядным міжнародным турніры ў 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016 гадах. Тройчы поспех святкавала расійская дружына (2007, 2011, 2015).

Арганізатарамі турніру з'яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, асацыяцыя "Федэрацыя хакея Беларусі", Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі