Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
29 жніўня 2016, 13:16

Хакеісты зборнай Беларусі атрымалі перамогу ў Кубку трох нацый

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты зборнай Беларусі атрымалі перамогу ў Кубку трох нацый, які завяршыўся ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Падапечныя Дэйва Льюіса правялі два матчы і ў абодвух святкавалі поспех. На старце турніру беларусы былі мацнейшымі за сапернікаў з Францыі (5:2), а ў заключны дзень спаборніцтваў ва ўпартай барацьбе адолелі зборную Германіі. Гаспадары пляцоўкі вялі ў ліку 2:1, але ў сярэдзіне трэцяга перыяду нямецкім хакеістам удалося зраўнаваць лік - 2:2. Менш за мінуту спатрэбілася беларусам пасля прапушчанай шайбы, каб устанавіць канчатковы лік 3:2. Аўтарам дакладнага кідка стаў Аляксандр Паўловіч.

Зборная Беларусі стала пераможцам Кубка трох нацый, другое месца заняла каманда Германіі, а трэцяе - хакеісты Францыі.

Для лядовай дружыны Дэйва Льюіса праведзены турнір стаў важным этапам падрыхтоўкі да алімпійскай кваліфікацыі, якая пройдзе ў "Мінск-Арэне" з 1 па 4 верасня. У групе D у сталіцы Беларусі за адзіную пуцёўку паспрачаюцца чатыры зборныя. Першымі на лёд "Мінск-Арэны" 1 верасня выйдуць каманды Славеніі і Польшчы (15.00), гаспадары турніру ў гэты ж вечар сустрэнуцца з сапернікамі з Даніі (19.00). 2 верасня згуляюць Славенія - Данія (15.00), Беларусь - Польшча (19.00). У заключны дзень кваліфікацыі, 4 верасня, адбудуцца матчы Польшча - Данія (13.00), Беларусь - Славенія (17.00).

Пераможца групы D прыме ўдзел у зімовай Алімпіядзе 2018 года. Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі тройчы прымала ўдзел у галоўных стартах чатырохгоддзя (у г. Нагана ў 1998-м, у Солт-Лейк-Сіці ў 2002-м, у Ванкуверы ў 2010-м). У алімпійскіх кваліфікацыйных турнірах нацыянальная каманда выступала чатыры разы. У 1997 і 2001 гадах беларусы паспяхова праходзілі адбор на Гульні 1998 і 2002 гадоў. У 2005-м і 2013-м яны займалі другія месцы, уступіўшы права згуляць на Алімпіядзе Латвіі і Славеніі адпаведна.-0-

Фота Андрэя Пакумейкі

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі