Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 ліпеня 2017, 13:16

Хакеісты рыжскага "Дынама" і яраслаўскага "Лакаматыва" адкрыюць турнір "Кубак Мінска"

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На лёдзе "Чыжоўка-Арэны" сёння адкрыецца перадсезонны хакейны турнір "Кубак Мінска", прысвечаны 950-годдзю беларускай сталіцы. У першым матчы згуляюць рыжскае "Дынама" і яраслаўскі "Лакаматыў", якія выступаюць у папярэдняй групе В, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Стартавая сустрэча пачнецца ў 15.00, а ў 19 гадзін на лёд выйдуць дынамаўскія дружыны Мінска і Масквы, якія гуляюць у групе А. У ёй таксама выступіць менскае "Юнацтва", кіраўніцтва якой з'яўляецца ініцыятарам правядзення гэтых спаборніцтваў. У групе В згуляе таксама "Югра" з Ханты-Мансійска, якая ўжо даўно трэніруецца на лёдзе "Чыжоўка-Арэны". Перад стартам у "Кубку Мінска" хакеісты "Югры" правялі два спарынгі з чэмпіёнам Беларусі гродзенскім "Нёманам". У першым перамагла расійская дружына - 4:3 (па булітах), а потым гродзенцы ўзялі рэванш - 3:2.

Трэнеры ўсіх удзельнікаў "Кубка Мінска" разглядаюць гэтыя спаборніцтвы як праверку сіл перад стартам новага хакейнага сезона. Галоўны трэнер мінскага "Юнацтва" Міхаіл Захараў перад стартам адзначыў, што яго падапечныя змогуць сустрэцца з вельмі моцнымі камандамі, якія выступаюць у Кантынентальнай хакейнай лізе і параўнаць сябе з больш вопытнымі хакеістамі з элітных клубаў. Настаўнік віцэ-чэмпіёнаў Беларусі падкрэсліў, што яго падапечныя будуць імкнуцца проціпаставіць больш вопытным сапернікам байцоўскі характар, а самым прынцыповым для іх стане паядынак з землякамі з "Дынама".

Новы галоўны трэнер мінскіх "зуброў" Гордзі Дуаер перад стартам сказаў, што ў матчах "Кубка Мінска" ён зможа ўпершыню ацаніць магчымасці сваіх гульцоў у сапраўднай гульнявой абстаноўцы, бо да гэтага каманда толькі трэніравалася. Маладыя гульцы клуба ў матчах з моцнымі апанентамі павінны праявіць свае лепшыя якасці і даказаць трэнерам, што яны вартыя гуляць у мінскім "Дынама". Што тычыцца выніку, то ў любым паядынку любога турніру кожны хакеіст хоча дамагчыся перамогі. І "Кубак Мінска" не стане выключэннем, адзначыў канадскі спецыяліст.

Спартыўны тэлеканал "Беларусь 5" будзе ў поўным аб'ёме асвятляць "Кубак Мінска" - усе матчы будуць трансліравацца ў прамым эфіры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі