Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 жніўня 2016, 10:46

Хакеісты мінскага "Юнацтва" перамаглі ў авертайме шведскі "Векшэ Лейкерс" у матчы Лігі чэмпіёнаў

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Юнацтва" перамаглі шведскі "Векшэ Лейкерс" у другім дамашнім матчы Лігі чэмпіёнаў сезона 2016/17, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

23 жніўня падапечныя Міхаіла Захарава на лёдзе "Чыжоўка-Арэны" правялі займальны паядынак, рэзультатам якога стала іх вікторыя над сапернікам у авертайме - 4:3 (1:2, 2:0, 0:1, 1:0). Лік на 9-й мінуце матчу адкрыў хакеіст шведскай дружыны Адам Брадзецкі. У хуткім часе на 13-й мінуце Антон Елісеенка закінуў шайбу ў адказ, аднак на перапынак каманды пайшлі пры ліку 2:1 на карысць "Векшэ". Вароты "Юнацтва" другі раз паразіў Понтус Нетэрберг. Наступны гульнявы адрэзак поўнасцю застаўся за мінчанамі. У іх стане па адным разе вызначыліся Даніэль Корса (29-я мінута, у большасці) і Аляксандр Кагалёў (39). На 43-й мінуце, выкарыстоўваючы двайную колькасную перавагу ў складзе, Роберт Розен сквітаў рэзультат, з якім і завяршыўся асноўны час. У авертайме чэмпіёны Беларусі дзейнічалі больш актыўна, гулялі ў большасці, але не рэалізавалі сваю перавагу. Тым не менш, гаспадарам пляцоўкі атрымалася даціснуць гасцей. Аўтарам пераможнай шайбы стаў Есе Ніінімякі. Ён спыніў час паядынку на адзнацы 63:24. У складзе гасцей на лёд выходзіў форвард нацыянальнай зборнай Беларусі натуралізаваны канадзец Джэф Плат, які не вызначыўся рэзультатыўнымі дзеяннямі і зрабіў два кідкі па варотах.

У першым паядынку папярэдняй групы L чэмпіёны Беларусі перамаглі чэшскі клуб "Млада Болеслаў" - 4:3.

Шведская каманда да візіту ў Мінск двойчы згуляла з "Млада Болеславам". На сваёй пляцоўцы "Векшэ Лейкерс" атрымаў упэўненую перамогу з лікам 7:3, а потым уступіў на выездзе ў серыі булітаў - 2:3.

Становішча каманд: "Юнацтва" - 5 ачкоў (2 матчы), "Векшэ Лейкерс" - 4 (3), "Млада Болеслаў" - 2 (3).

Астатнія сустрэчы мінскае "Юнацтва" правядзе ў гасцях: 6 верасня гульня ў Чэхіі, 9 верасня - у Швецыі. Для выхаду ў плэй-оф беларускай дружыне дастаткова набраць у іх адно ачко.

У плэй-оф чэмпіёнскай Лігі выйдуць па дзве лепшыя каманды з 16 папярэдніх груп. У мінулым сезоне ў гэтым турніры гуляў гродзенскі "Нёман", які не змог прабіцца ў накаўт-раўнд, заняўшы апошняе месца ў сваёй групе. Пераможцамі Лігі чэмпіёнаў-2015/2016 стала шведская "Фрэлунда", якая абыграла ў рашаючым паядынку фінскі "Кярпат"- 2:1.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі