Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 кастрычніка 2017, 11:44

Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі ЦСКА ў гасцявым матчы дзясятага сезона КХЛ

26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі ЦСКА з лікам 1:4 (0:1, 1:2, 0:1) у гасцявым матчы дзясятага сезона КХЛ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Напярэдадні сустрэчы ў Маскве "зубры" панеслі галоўную страту ў складзе. Асноўны галкіпер дынамаўцаў Юнас Энрат атрымаў адзін матч дыскваліфікацыі за атаку саперніка ў папярэдняй гульні каманды з падмаскоўным "Віцязем". Нападаючы Яўген Кавыршын з-за праблем са здароўем таксама прапусціў паядынак з ЦСКА.

ЦСКА - "Дынама-Мінск" - 4:1 (1:0, 2:1, 1:0).

Масква. ЛДС ЦСКА. 3 416 гледачоў.

ЦСКА: Сарокін (Юхансан); Кісялевіч (к) - Ажыганаў, Нічушкін - Папоў - К.Пятроў; Несцераў - Марчанка, Шумакоў - Шалуноў - Капрызаў; Пашнін - Макееў, Цялегін - М.Грыгарэнка - Скот; Навуменкаў - Блажыеўскі, Кузьменка - Светлакоў - Акулаў.

"Дынама-Мінск": Карнавухаў (Гарачэўскіх); Граньяні - Дзянісаў (к), Паўловіч - Хаўдэн - Фантэйн; Корабаў - Дзюкаў Лінгле - Скіле - Мацярухін; Шынкевіч - Хенкель, Кітараў - Волкаў - Дрозд; Кулакоў - Шаранговіч - Сцяпанаў; Знахарэнка, Буйніцкі.

Шайбы: 1:0 - Папоў (Пятроў, 8.26, у большасці). 2:0 - Цялегін (23.38, у меншасці). 3:0 - Грыгарэнка (Цялегін, Кісялевіч, 25.48). 3:1 - Лінгле (Дзянісаў, Фантэйн, 31.25, у большасці). 4:1 - Нічушкін (41.19, у меншасці).

Кідкі: 33 - 21.

Штраф: 26 - 12.

Пасля паражэння ад "Віцязя" 0:4 падапечныя Гордзі Дуаера спрабавалі рэабілітавацца ў гульні з адным з фаварытаў сезона. Як адзначылі ў клубе, настаўнік дынамаўцаў сказаў даволі эмацыянальную прамову ў ходзе ранішняй трэніроўкі. Аднак стабілізаваць дзеянні ў абароне беларускай камандзе не ўдалося. У ходзе сустрэчы мінчане двойчы прапусцілі шайбу, знаходзячыся ў большасці.

У першым перыядзе перавага армейцаў, у якіх у гэтым сезоне ледзь не два раўнацэнныя моцныя склады, была не такая адчувальная. ЦСКА ўдалося адкрыць лік толькі пасля рыкашэту. На 9-й мінуце гаспадары пляцоўкі гулялі ў большасці, і пасля перадачы Кірыла Пятрова шайбу, што адскочыла ад канька дынамаўскага абаронцы, падправіў Аляксандр Папоў.

Пасля адпачынку хакеісты "Дынама" атрымалі шанц рэалізаваць большасць, але памыліліся на выхадзе са сваёй зоны. Нападаючы масквічоў Іван Цялегін перахапіў шайбу і перайграў Міхаіла Карнавухава, які абараняў вароты гасцей, - 2:0. На 26-й мінуце ЦСКА ўдаўся розыгрыш камбінацыі, якую дакладным кідком пад перакладзіну завяршыў Міхаіл Грыгарэнка. Мінчане скарацілі адставанне ў ліку праз шэсць мінут. Першую шайбу ў бягучым сезоне закінуў Шарль Лінгле.

На старце трэцяга перыяду беларуская каманда гуляла ў большасці. Яшчэ на зыходзе другіх дваццаці мінут сустрэчы за наўмысную затрымку гульні дзве мінуты штрафу атрымаў Ігар Ажыганаў. Аднак закінуць другі раз у дынамаўцаў не атрымалася. Госці прапусцілі востры праход форварда Валерыя Нічушкіна, які, накрыўшы шайбу корпусам, бесперашкодна выкаціўся на пятачок варот "Дынама" і ўстанавіў канчатковы лік - 4:1.

Мінскае "Дынама" прадоўжыць выязную серыю ў дзясятым сезоне КХЛ у Хельсінкі, дзе 27 кастрычніка згуляе з "Ёкерытам".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі