Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
07 верасня 2017, 09:05

Хакеісты мінскага "Дынама" перамаглі "Сочы" і перапынілі шасціматчавую серыю паражэнняў

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" перамаглі ў гасцях сапернікаў з "Сочы" з лікам 4:2 (0:1, 2:1, 2:0) і перапынілі шасціматчавую серыю паражэнняў на старце дзясятага сезона ў КХЛ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Перад пачаткам праведзенага матчу настаўнік мінчан Гордзі Дуаер зрабіў некаторыя перастаноўкі ў абароне. Бо менавіта гэта лінія пасля траўмы Уладзіміра Дзянісава выклікала шмат пытанняў у трэнерскага штаба.

"Сочы" - "Дынама-Мінск" - 2:4 (1:0, 1:2, 0:2)

Сочы. ДС "Вялікі" 4228 гледачоў.

"Сочы": Шыкін; Хахлоў - Шчытоў, Уэлман - Колінс - Лапянкоў; Хаміцкі - Аляксандраў, Грабеншчыкоў - Гарбат - Энеруд; Мамкін - Кузняцоў, Шчагалькоў - Цвяткоў - Падакін; Марозаў - Іваноў - Захарчук; Міраманаў.

"Дынама-Мінск": Энрат; Лісавец - Корабаў, Клінкхамер - Хаўдэн - Фантэйн; Шынкевіч - Граньяні, Паўловіч - Кавыршын - Мацярухін; Хенкель - Дзюкаў, Лінгле - Шаранговіч - Сцяпанаў; Кітараў - Волкаў - Кулакоў; Дрозд, Буйніцкі.

Шайбы: 1:0 - Цвяткоў (Марозаў, 2.25). 1:1 - Кітараў (Кулакоў, Корабаў, 31.15). 1:2 - Фантэйн (Хаўдэн, Граньяні, 32.06). 2:2 - Шчагалькоў (Цвяткоў, Лапянкоў, 34.09, у большасці). 2:3 - Клінкхамер (46.51). 2:4 - Фантэйн (Клінкхамер, Хаўдэн, 51.00).

Кідкі: 24 - 42.

Штраф: 14 - 12.

Стартавыя хвіліны першага перыяду не склаліся ў гасцей палаца спорту "Вялікі", дзе ў 2014 годзе праходзіў алімпійскі турнір па хакеі. Нападаючы гаспадароў Аляксей Цвяткоў адкрыў лік пасля таго, як яго партнёры выйгралі барацьбу каля борта. У хуткім часе за парушэнне колькаснага складу дынамаўцы засталіся ў меншасці. У гэты складаны гульнявы адрэзак нядрэнна праявіў сябе галкіпер Юнас Энрат.

Многае для "Дынама" змянілася пасля перапынку. На 32-й хвіліне Аляксандр Кітараў зраўнаваў лік на табло - 1:1. "Зубры" пастараліся развіць поспех, і ў хуткім часе Джасцін Фантэйн у адным з эпізодаў змог удала згуляць на дабіванні шайбы - 2:1. Мінчане вымусілі зноў пахвалявацца балельшчыкаў пасля выдалення Шарля Лінгле за затрымку саперніка рукамі. Да "Сочы" намаганнямі Аляксея Шчагалькова, за якім не ўгледзелі мінскія абаронцы, вярнулася надзея на ўдалы зыход - 2:2.

Госці прадоўжылі таксама актыўна дзейнічаць у нападзенні ў заключныя дваццаць хвілін сустрэчы. Небяспечныя моманты каля варот Дзмітрыя Шыкіна ўзнікалі з зайздроснай рэгулярнасцю. Першую шайбу ў новым сезоне закінуў форвард Роб Клінкхамер, а канчатковы лік у гульні ўстанавіў на 52-й хвіліне Джасцін Фантэйн, які класным кісцевым кідком у бліжэйшую ад варатара "дзявятку" зняў усе пытанні адносна пераможцы - 4:2.

Для "Дынама" гэта першая перамога ў новым сезоне. Раней яны пацярпелі шэсць паражэнняў запар. У актыве "зуброў" пасля сямі гульняў стала пяць ачкоў і яны па-ранейшаму займаюць 13-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.

Заключны матч выязной серыі "Дынама" правядзе 8 верасня з ніжагародскім "Тарпеда", а ўжо 11 верасня на "Мінск-Арэне" сустрэнецца з чалябінскім "Трактарам".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі