Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 студзеня 2018, 09:18

Хакеісты мінскага "Дынама" абыгралі на выездзе двухразовага ўладальніка Кубка Гагарына

4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" абыгралі на выездзе двухразовага ўладальніка Кубка Гагарына магнітагорскі "Металург" з лікам 2:1 (0:1, 0:0, 2:0), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Уральцы і хакеісты "Дынама" сустракаліся ў ходзе бягучага сезона ў Мінску: каманда Гордзі Дуаера 17 верасня, уступаючы 0:3, у заключныя 20 хвілін матчу змагла закінуць пяць шайбаў. Раней дынамаўцы былі мацнейшымі яшчэ за аднаго фаварыта сезона - піцерскі СКА.

"Металург" (Магнітагорск) - "Дынама-Мінск" - 1:2 (1:0, 0:0, 0:2).

Магнітагорск. "Арэна Металург". 7 500 гледачоў.

"Металург" Мг: Самсонаў; Бірукоў - Лі, Мазякін (к) - Коварж - Вольскі; Цярэшчанка - Піўцакін, Цімкін - Осала - Сіроткін; Д.Дзянісаў - Бераглазаў, Кокараў - Элісан - Чыбісаў; Платонаў - Дзюкараў - Балтанаў; Швыраў, Бабрашоў.

"Дынама-Мінск": Энрат; Граньяні - Дзянісаў (к), Скіле - Хаўдэн - Фантэйн; Корабаў - Осіпаў, Буйніцкі - Кавыршын - Сцяпанаў; Лісавец - Хенкель, Лінгле - Кітараў - Амбражэйчык; Шынкевіч - Знахарэнка, Паўловіч - Волкаў - Дрозд.

Шайбы: 1:0 - Піўцакін (Элісан, Чыбісаў, 13.25). 1:1 - Кавыршын (Осіпаў, Корабаў, 40.29). 1:2 - Лісавец (55.14).

Кідкі: 44 - 23.

Штраф: 4 - 4.

У параўнанні з сустрэчай на лёдзе "Мінск-Арэны" ў складзе каманды з Магнітагорска адбылося нямала змяненняў. Клуб пакінуў ранейшы галоўны трэнер Ілья Вараб'ёў, на змену якому прыйшоў вядомы ў мінулым ігрок зборнай Расіі і клубаў НХЛ Віктар Казлоў. У "Металург" вярнуліся і лідары, якія вызначалі стыль гульні каманды ў ранейшыя гады. У процістаянні з такім сур'ёзным апанентам дынамаўцы нядрэнна пачалі матч. У сярэдзіне першага перыяду нападаючы мінчан Джэк Скіле быў блізкі да поспеху. Ігрок правёў сольны праход і кінуў над клюшкай галкіпера, але шайба трапіла ў штангу. Гаспадары пляцоўкі змаглі рэалізаваць адзін з нямногіх момантаў. Былы галеадор мінчан Мэт Элісан добра кінуў з сярэдняй дыстанцыі, галкіпер Юнас Энрат з кідком справіўся, але на дабіванні своечасова згуляў абаронца Мікіта Піўцакін.

"Металург" пастараўся развіць свой поспех у наступныя 20 хвілін сустрэчы, але нягледзячы на перавагу ў кідках вызначыцца магнітагорцам не ўдалося. Наадварот, пасля перапынку дынамаўцы здолелі зраўнаваць лік - 1:1. Праз хвіліну форвард "Дынама" Шарль Лінгле ў барацьбе з двума сапернікамі змог аддаць пас на Дзмітрыя Амбражэйчыка, які замыкаў пас партнёра, і толькі варатар магнітагорцаў Ілья Самсонаў перашкодзіў мінчанам выйсці наперад.

Вырашальнай стала канцоўка трэцяга перыяду. Форвард "зуброў" Сяргей Дрозд у барацьбе з Оскарам Осала смела пайшоў на вароты гаспадароў, а на пятачку Яўген Лісавец змог дабіць шайбу ў вароты.

Пасля перамогі ў Магнітагорску ў актыве "Дынама" стала 64 ачкі, каманда ўсяго на чатыры балы адстае ад зоны плэй-оф у Заходняй канферэнцыі. Да канца рэгулярнага чэмпіянату "зубрам" засталося правесці 9 гульняў.

Наступны матч выязной серыі мінскае "Дынама" правядзе 5 студзеня ў Екацярынбургу, дзе згуляе з лідарам Усходняй канферэнцыі "Аўтамабілістам".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі