Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 верасня 2016, 10:36

Хакеісты "Юнацтва" атрымалі валявую перамогу над "Шахцёрам" у паўфінале Кубка Салея

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты "Юнацтва" атрымалі валявую перамогу над "Шахцёрам" з лікам 4:2 у паўфінале Кубка Беларусі - Кубка Салея, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Матч у Салігорску двух лідараў беларускага хакея прайшоў у цікавай і напружанай барацьбе, якой, часам, не ўбачыш і ў асобных матчах Кантынентальнай хакейнай лігі. Менавіта такія матчы ўпрыгожваюць беларускі чэмпіянат і робяць яго больш прывабным для гледачоў, даюць магчымасць хакеістам расці ў майстэрстве.

"Гарнякі" ў ходзе сустрэчы двойчы вялі ў ліку. Нападаючы салігорцаў Віктар Андрушчанка закінуў першую шайбу ў вароты мінчан пасля выверанай перадачы з-за варот Арцёма Дзямкова. Гол у адказ падапечных Міхаіла Захарава не прымусіў сябе чакаць. Антон Елісеенка стаў аўтарам гола, аднак адзін з лепшых снайпераў мінулага сезона латвіец Эдыйс Брахманіс вывеў "Шахцёр" зноў наперад на 32-й мінуце сустрэчы.

"Юнацтва", праз мінуту, намаганнямі Паўла Развадоўскага робіць лік роўным - 2:2. Канчаткова перахапіць ініцыятыву мінчанам удалося ў заключныя дваццаць мінут гульні, калі Віктар Туркін і Есэ Ніінімякі ўстанавілі падагульняючы лік матчу.

"Шахцёр" можа гуляць мацней і лепш, але ў першым паўфінальным матчы мы дзейнічалі так, як дазволіла "Юнацтва". Будзем старанна рыхтавацца да паядынку ў адказ у Кубку Салея 27 верасня ў Мінску", - адзначыў пасля гульні галоўны трэнер салігорцаў Андрэй Гусаў.

У іншым матчы 1/2 фіналу Кубка Беларусі - Кубка Салея гродзенскі "Нёман" дзякуючы хет-трыку Мікіты Рэмезава змог адолець на сваёй пляцоўцы "Гомель" - 3:1.

Матчы ў адказ турніру адбудуцца 27 верасня. Згодна з рэгламентам, фіналісты Кубка Салея будуць вызначаны па суме закінутых і прапушчаных шайбаў па выніках дзвюх сустрэч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі