Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 жніўня 2018, 14:25

Хакеісты "Дынама-Маладзечна" абыгралі "Юнацтва" і ўмацавалі лідарства ў Кубку Беларусі

16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты "Дынама-Маладзечна" абыгралі "Юнацтва" з лікам 5:3 і ўмацавалі лідарства на папярэдняй стадыі ў Кубку Беларусі па хакеі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Адзін з ключавых матчаў групы А падапечныя Юрыя Файкова правялі тактычна правільна. Нягледзячы на ўзмацненне "Юнацтва" нападаючымі Максімам Парфеяўцом і Аляксандрам Когалевым, якія рыхтуюцца да сезона з мінскім "Дынама", маладзечанцы пасля прапушчанай шайбы ад Андрэя Антонава на старце матчу адыграліся яшчэ да перапынку. Вызначальнай у сустрэчы стала канцоўка другога перыяду. Пры рахунку 2:2 дакладнымі кідкамі ў "Дынама-Маладзечна" вызначыліся Артур Гаўрус і Станіслаў Кучкін. У заключныя дваццаць хвілін каманды абмяняліся галамі.

Пасля перамогі над "Юнацтвам" у актыве "Дынама-Маладзечна" 12 ачкоў і вядучая пазіцыя ў турнірнай табліцы. У іншым матчы пятага туру салігорскі "Шахцёр" толькі ў канцы змог закінуць вырашальную шайбу ў вароты ўкраінскага "Данбаса" - 3:2. Першую перамогу ў Кубку Салея, як яшчэ называюць гэты турнір, атрымаў жлобінскі "Металург", перайграўшы на сваёй пляцоўцы маладзёжную зборную Беларусі - 3:2.

Становішча каманд у групе А: "Дынама-Маладзечна" - 12 ачкоў (5 матчаў), "Гомель" - 11 (5), "Шахцёр" - 9 (5), "Юнацтва" - 8 (5), "Нёман" - 8 (5), "Данбас" - 5 (5), Беларусь U-20 - 4 (5), "Металург" - 3 (5).

Чарговыя матчы ў групе А розыгрышу Кубка Салея адбудуцца 17 жніўня. "Юнацтва" згуляе з "Гомелем", салігорскі "Шахцёр" прыме "Дынама-Маладзечна", "Нёман" паспрабуе набраць ачкі ў матчы з "Металургам", украінскі "Данбас" на лядовай арэне ў Бабруйску прыме маладзёжную зборную Беларусі. Дзве лепшыя каманды групы А згуляюць у фінале Кубка Салея, які адбудзецца 24 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі