Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 мая 2016, 19:32

Хакеіст Андрэй Стась прызнаны лепшым іграком Беларусі па выніках сезона 2015/2016

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нападаючы зборнай Беларусі і ніжнякамскага "Нафтахіміка" Андрэй Стась на пасяджэнні выканкама Федэрацыі хакея Беларусі прызнаны лепшым іграком Беларусі па выніках сезона 2015/2016, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФХБ.

На праведзеным 80-м чэмпіянаце свету па хакеі ў Расіі форвард быў адным з лідараў беларускай каманды, прыняў удзел ва ўсіх сямі матчах зборнай і вызначыўся пяццю закінутымі шайбамі. У КХЛ у мінулым сезоне Стась абараняў "Нафтахіміка", у складзе якога правёў 47 матчаў у рэгулярным чэмпіянаце, зарабіўшы па сістэме "гол+пас" 13 ачкоў (5+8), у плэй-оф беларус правёў тры сустрэчы за ніжнякамцаў.

Лепшым трэнерам сезона 2015/2016 прызнаны Міхаіл Захараў. Мінскае "Юнацтва" пад яго кіраўніцтвам выйграла Кубак Прэзідэнта ў экстралізе і ўжо ў жніўні прыме ўдзел у Лізе чэмпіёнаў.

Рашэннем выканкама ФХБ Юрый Файкоў зацверджаны на пасадзе галоўнага трэнера маладзёжных зборных каманд Беларусі (U17, U18 і U20). Таксама вызначана, што з наступнага сезона маладзёжная зборная будзе выступаць у экстралізе адкрытага чэмпіянату Беларусі.

На рабочай нарадзе выканкама абмеркаваны папярэдні каляндар Кубка Руслана Салея (Кубка Беларусі) і 25-га адкрытага чэмпіянату краіны па хакеі з шайбай. Прывычныя тэрміны правядзення турніраў будуць зменены ў сувязі з удзелам нацыянальнай зборнай Беларусі ў фінальнай алімпійскай кваліфікацыі з 1 па 4 верасня. Першая стадыя розыгрышу Кубка пройдзе з 1 па 11 жніўня 2016 года, паўфінальныя матчы адбудуцца ў верасні, а фінал - у кастрычніку 2016 года. Чэмпіянат Беларусі пачнецца 8 верасня 2016 года, сёмая (заключная) гульня фінальнай серыі запланавана на 5 красавіка 2017 года. У ходзе розыгрышу Кубка Салея будзе апрабаваны фармат авертаймаў 3 на 3 ігракі. "У выпадку станоўчай ацэнкі з боку каманд-удзельніц прымяненне гэтай формулы магчыма і ў рэгулярным чэмпіянаце краіны", - адзначылі ў ФХБ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі