Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 студзеня 2017, 10:10

Гандбалісты зборнай Беларусі выйшлі ў 1/8 фіналу чэмпіянату свету

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гандбалісты зборнай Беларусі прабіліся ў 1/8 фіналу чэмпіянату свету ў Францыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У апошнім матчы папярэдняй групы С беларусы сустракаліся з камандай Венгрыі і дабіліся перамогі з лікам 27:25 (15:13). Сваё важкае слова ў гэтай гульні сказалі вопытныя Іван Броўка і Барыс Пухоўскі, якія закінулі па 6 мячоў. Акрамя іх, у беларускай каманды вызначыліся Андрэй Юрынок - 4, Дзяніс Рутэнка, Арцём Каралёк, Вячаслаў Кулеш - па 3, Сяргей Шыловіч - 2. Да гэтага падапечныя Юрыя Шаўцова абыгралі гандбалістаў Саудаўскай Аравіі - 29:26, а таксама прайгралі камандам Чылі - 28:32, Харватыі - 25:31 і Германіі - 25:31. Астатнія сустрэчы 5-га тура ў гэтай групе завяршыліся так: Саудаўская Аравія - Чылі - 26:25, Германія - Харватыя - 28:21. Падагульняючае становішча: Германія - 10 ачкоў, Харватыя - 8, Беларусь - 4, Венгрыя - 4, Саудаўская Аравія - 2, Чылі - 2. На мінулым чэмпіянаце свету ў Катары-2015 беларусы не змаглі выйсці ў плэй-оф, заняўшы 18-е падагульняючае месца.

Зборная Беларусі 22 студзеня сустрэнецца ў 1/8 фіналу з камандай Швецыі. У гэты ж дзень адбудуцца яшчэ тры паядынкі першай стадыі плэй-оф: Данія - Венгрыя, Германія - Катар, Харватыя - Егіпет. Сёння праграма 1/8 фіналу адкрыецца чатырма сустрэчамі: Нарвегія - Македонія, Францыя - Ісландыя, Расія - Славенія, Бразілія - Іспанія.

Матчы 1/8 фіналу адбудуцца 21 і 22 студзеня, чвэрцьфіналы пройдуць 24 студзеня, паўфіналы - 26 і 27 студзеня, сустрэча за бронзу - 28 студзеня, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 29 студзеня ў Парыжы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі