Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
09 студзеня 2018, 14:06

Галкіпер Сяргей Верамко перайшоў з БАТЭ ў футбольны клуб "Мінск"

9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядомы беларускі галкіпер Сяргей Верамко перайшоў з барысаўскага БАТЭ ў футбольны клуб "Мінск", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сяргей Верамко з'яўляецца выхаванцам СДЮШАР "Мінск", але прафесійную кар'еру пачаў у 2000 годзе ў структуры мінскага "Дынама". Затым ён правёў некалькі сезонаў у харкаўскім "Арсенале", а ў 2006-м вярнуўся ў Беларусь і выступаў за гродзенскі "Нёман". У 2008 годзе галкіпер перайшоў у БАТЭ, пасля чаго правёў сезон у "Севастопалі", з 2011 па 2015 год гуляў у расійскім чэмпіянаце за самарскія "Крылы Саветаў" і "Уфу". У 2016-м Сяргей вярнуўся ў БАТЭ, у складзе якога ўвогуле стаў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі, двойчы выйграваў Суперкубак і адзін раз Кубак краіны. У 2007, 2009 і 2010 гадах прызнаваўся лепшым варатаром чэмпіянату Беларусі.

У мінулым сезоне Сяргей Верамко апынуўся ў цэнтры гучнага скандалу, з-за якога БАТЭ мог застацца без залатых медалёў. У гульні са сваім цяперашнім клубам Верамко груба атакаваў арбітра, за што быў дыскваліфікаваны і аштрафаваны. У далейшым высветлілася, што штраф ён аплаціў нясвоечасова, а ў выніку з БАТЭ было знята 3 ачкі ў пераможным паядынку са "Слуцкам" (6:0), у якім Верамко быў запасным. Аднак затым апеляцыйны камітэт асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" адмяніў гэта рашэнне - і футбалісты БАТЭ 14-ы раз сталі чэмпіёнамі краіны.

У наступным сезоне галоўным трэнерам "Мінска" будзе Аляксандр Лухвіч, які змяніў на гэтай пасадзе Георгія Кандрацьева. Былы настаўнік мінчан узначаліў клуб першай лігі нацыянальнага першынства бабруйскую "Белшыну".

Яшчэ адзін вядомы беларускі спецыяліст Уладзімір Журавель 8 студзеня афіцыйна ўзначаліў карагандзінскі "Шахцёр", які ў чэмпіянаце Казахстана заняў 7-е месца. У мінулым годзе брэсцкае "Дынама" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Жураўля стала ўладальнікам Кубка Беларусі і фінішавала на 4-й пазіцыі ў нацыянальным чэмпіянаце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі