Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 верасня 2016, 09:23

Галявы дубль Мэта Элісана дапамог "Дынама" абыграць "Сібір" у дамашнім матчы чэмпіянату КХЛ

22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Два галы нападаючага Мэта Элісана дапамаглі мінскаму "Дынама" абыграць з лікам 5:4 аднаго з лідараў Усходняй канферэнцыі КХЛ "Сібір", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Каманда гасцей пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Андрэя Скабелкі апошнім часам набрала выдатны ход, сведчаннем чаго з'яўляецца перамога два дні таму на выездзе над "Ёкерытам" 4:0.

"Дынама-Мінск" - "Сібір" (Навасібірск) - 5:4 (1:3, 3:1, 0:0, 1:0)

Мінск. "Мінск-Арэна". 11832 гледачы.

"Дынама-Мінск": Скрывенс (Карнавухаў); Хенкель - Крайчак, Камароў - Волкаў - Паўловіч (к); Граньяні - Шынкевіч, Клінкхамер - Кулакоў - Мацярухін; Лісавец - Бэйлен, Лінгле - Элісан - Касціцын; Лапачук - Кавыршын - Сцяпанаў.

"Сібір": Салак (Красікаў); Белякоў - Полашэк, Шумакоў - Шалуноў - Саннікаў; Некаленка - Верашчагін, Жафяраў - Кемпайнен - Арцюхін (к); Навумаў - Лукін, Акулаў - Фефелаў - Варашыла; Скабелка - Губін - Вараб'ёў, Сергіенка, Арцёмаў.

Шайбы: 0:1 - Шумакоў (Полашэк, 8.48). 0:2 - Шалуноў (Губін, Шумакоў, 17.37, у большасці). 0:3 - Шалуноў (Полашэк, Шумакоў, 19.21, у большасці). 1:3 - Камароў (19.42, у меншасці). 2:3 - Элісан (С.Касціцын, 25.51, у большасці). 3:3 - Кулакоў (Мацярухін, 26.28). 3:4 - Полашэк (Шалуноў, 29.59, у большасці). 4:4 - Кавыршын (Элісан, Бэйлен, 30.41, у большасці). 5:4 - Элісан (С.Касціцын, 62.59).

Кідкі: 35 - 25.

Штраф: 41 - 16.

Навасібірцы і на "Мінск-Арэне" даказалі, што не даруюць памылак сваім апанентам. Першы перыяд матчу пачаўся на высокіх хуткасцях. Падапечныя Крэйга Вудкрафта пастараліся завалодаць ініцыятывай і стараліся больш актыўна дзейнічаць у нападзенні. Аднак частыя выдаленні прымушалі думаць аб абароне ўласных варот. У адным з эпізодаў "зубры" залішне захапіліся нападзеннем і адзін з лідараў "Сібіры" Сяргей Шумакоў нанёс дакладны кідок, перайграўшы Бена Скрывенса.

Гаспадары пляцоўкі атрымалі шанц зраўнаваць лік пры гульні ў меншасці. Лукаш Крайчак не па правілах спыніў чарговы востры контрвыпад навасібірцаў. Госці памыліліся пры перадачы шайбы ў сваёй зоне, і Мэт Элісан меў цудоўную магчымасць перайграць галкіпера сапернікаў Аляксандра Салака, але ўцэліў у штангу. Рэзультатыўнай атрымалася канцоўка першага перыяду. У мінчан спачатку трапіў у лік штрафнікоў Лукаш Крайчак, а ў хуткім часе выдаленне да канца гульні за небяспечны ўдар атрымаў абаронца беларускай каманды Ілья Шынкевіч. Навасібірцы па-майстэрску рэалізавалі такую вялікую перавагу. Галявым дублем вызначыўся Максім Шалуноў. Яшчэ да перапынку нападаючы "Дынама" Мікіта Камароў скараціў адставанне ў ліку - 1:3.

У другім перыядзе сітуацыя на пляцоўцы змянілася кардынальным чынам. Каманда Крэйга Вудкрафта атрымала магчымасць згуляць супраць траіх ігракоў "Сібіры". Гэты момант стаў ключавым. Мінчанам намаганнямі Сяргея Касціцына і Мэта Элісана ўдалося скараціць адставанне. А праз 37 секунд Аляксандр Кулакоў скарыстаўся пасам Аляксандра Мацярухіна з-за варот саперніка і на пятачку абыграў Аляксандра Салака, які не паспеў закрыць бліжэйшы ад сябе вугал - 3:3.

Аднак усе дасягненні дынамаўцаў у пачатку другога перыяду былі дарэмнымі. Чацвёртае выдаленне ў гульні атрымаў абаронца мінчан Лукаш Крайчак, і Адам Полашэк моцным кідком ад сіняй лініі вывеў гасцей наперад. Зраўнаваць лік дынамаўцам удалося пасля актыўных дзеянняў ля варот "Сібіры" Яўгена Кавыршына, які падставіў клюшку пад перадачу Мэта Элісана.

У трэцім перыядзе галоў закінута не было, а ў авертайме хуткую контратаку дакладна разыгралі Сяргей Касціцын і Мэт Элісан, які вызначыўся закінутай шайбай у гульні другі раз.

Мінскае "Дынама" наступны матч у КХЛ правядзе на выездзе супраць аднаклубнікаў з Масквы. Матч адбудзецца 24 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі