Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 чэрвеня 2018, 11:54

Футбалісты Расіі разграмілі каманду Саудаўскай Аравіі ў матчы адкрыцця ЧС-2018

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты зборнай Расіі перамаглі каманду Саудаўскай Аравіі з лікам 5:0 у матчы адкрыцця 21-га чэмпіянату свету, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Звычайна сустрэчы адкрыцця сусветных пяршынстваў не атрымліваюцца яркімі - каманды асцярожнічаюць, прыглядаюцца адна да адной, баючыся прайграць. На гэты раз на полі маскоўскага стадыёна "Лужнікі" ўсё было інакш. Расіяне адразу пайшлі ў атаку вялікімі сіламі, прапанаваўшы сапернікам вельмі хуткі тэмп. Гаспадары сусветнага першынства стварылі некалькі небяспечных момантаў, і на 12-й хвіліне пасля падачы вуглавога ўдару з левага фланга Юрый Газінскі забіў першы гол ЧС-2018. Расіяне прадаўжалі валодаць ініцыятывай, але і аравійцы не пайшлі ў глухую абарону, на 19-й хвіліне маглі паразіць вароты Ігара Акінфеева, аднак мяч прайшоў побач са штангай. За дзве хвіліны да перапынку Дзяніс Чэрышаў выдатна разабраўся з трыма абаронцамі і варатаром сапернікаў, зрабіўшы лік 2:0.

У другім тайме расіяне таксама дамінавалі, а аравійцы спадзяваліся на контратакі. Доўгі час падапечныя Станіслава Чарчэсава не маглі забіць трэці мяч, але на 70-й хвіліне Арцём Дзюба замяніў Фёдара Смолава і праз хвіліну вызначыўся пасля падачы з правага краю - 3:0. Яшчэ два мячы пабывалі ў варотах аравійскай каманды ў кампенсаваны час. Спачатку галявы дубль аформіў Дзяніс Чэрышаў, які эфектным ударам накіраваў мяч пад перакладзіну, затым Аляксандр Галавін прыгожа выканаў штрафны ўдар - 5:0.

Другі матч стартавага тура папярэдняй групы А адбудзецца 15 чэрвеня ў Екацярынбургу - футбалісты Егіпта з суперфорвардам "Ліверпуля" Махамедам Салахам сустрэнуцца з камандай Уругвая на чале з зоркай "Барселоны" Луісам Суарэсам.

Таксама ў пятніцу адбудуцца два паядынкі ў квартэце В. Дзеючы чэмпіён Еўропы зборная Партугаліі з лепшым бамбардзірам Лігі чэмпіёнаў Крышціяну Раналду з мадрыдскага "Рэала" згуляе ў Сочы з адной з мацнейшых дружын планеты Іспаніяй, у якой напярэдадні старту сусветнага першынства Фернанда Ера змяніў на пасадзе галоўнага трэнера Хулена Лапетэгі. У Санкт-Пецярбургу сустрэнуцца футбалісты Марока і Ірана.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі