Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 верасня 2019, 10:46

Футбалісты "Ліверпуля" з паражэння пачалі новы сезон у Лізе чэмпіёнаў

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзеючы пераможца футбольнай Лігі чэмпіёнаў англійскі "Ліверпуль" няўдала пачаў новы сезон у галоўным кантынентальным турніры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гуляючы ў гасцях у італьянскага "Напалі", падапечным Юргена Клопа давялося шмат абараняцца і некалькі разоў толькі іх іспанскі галкіпер Адрыяна ратаваў каманду ад гола. Але і ён аказаўся бяссільны, калі на 82-й мінуце Дрыс Мертэнс упэўнена прабіў пенальці. Ліверпульцы кінуліся адыгрывацца, але дабіцца поспеху не змаглі. Затое гаспадары ўжо ў кампенсаваны час правялі вострую контратаку і Фернанда Льёрэнтэ ўстанавіў канчатковы рэзультат ат - 2:0 на карысць "Напалі". У другім матчы папярэдняй групы Е аўстрыйскі "Зальцбург" разграміў на сваім полі бельгійскі "Генк" з лікам 6:2. У гэтай гульні хет-трык аформіў нарвежскі форвард аўстрыйскага клуба Эрлінг Брэўт Холанд.

У групе G чэмпіён Расіі "Зеніт" з Санкт-Пецярбурга згуляў унічыю з французскім "Ліёнам" - 1:1. Партугальская "Бенфіка" ў Лісабоне ўступіла лідару нямецкай бундэслігі "Лейпцыгу" - 1:2.

На старце спаборніцтваў у групе F італьянскі "Інтэр" гуляў у Мілане з чэшскай "Славіяй" з Прагі і здаволіўся толькі нічыёй - 1:1. Гаспадары змаглі зраўнаваць лік толькі ў кампенсаваны час другога тайма. У другім матчы гэтага квартэта нямецкая "Барусія" ў Дортмундзе ні ў чым не ўступала іспанскай "Барселоне", якая пачала гульню без свайго лідара Ліянэля Месі. На 57-й мінуце гаспадары зарабілі пенальці, але ўдар іх капітана Марка Ройса адбіў нямецкі галкіпер "Барсы" Марк-Андрэ тэр Штэген. У хуткім часе Ліянэль Месі выйшаў на замену, але ні ён, ні яго зорныя партнёры Луіс Суарэс і навабранец каманды Антуан Грызман забіць гол не здолелі. У выніку нічыя - 0:0.

У групе Н англійскі "Чэлсі" ў Лондане нечакана прайграў іспанскай "Валенсіі" - 0:1. У самым канцы гульні гаспадары маглі ўхіліцца ад паражэння, але Рос Барклі не рэалізаваў пенальці. У Амстэрдаме галандскі "Аякс" разграміў французскі "Ліль" - 3:0.

У астатніх чатырох квартэтах гульні стартавага тура адбудуцца сёння ўвечары:

А - "Пары Сен-Жэрмен" (Францыя) - "Рэал" (Мадрыд, Іспанія), "Бруге" (Бельгія) - "Галатасарай" (Стамбул, Турцыя).

В - "Алімпіякас" (Пірэй, Грэцыя) - "Тотэнхэм" (Лондан, Англія), "Баварыя" (Мюнхен, Германія) - "Црвена Зорка" (Бялград, Сербія)

С - "Шахцёр" (Данецк, Украіна) - "Манчэстэр Сіці" (Англія), "Дынама" (Заграб, Харватыя) - "Аталанта" (Бергама, Італія).

D - "Баер" (Леверкузен, Германія) - "Лакаматыў" (Масква, Расія), "Атлетыка" (Мадрыд, Іспанія) - "Ювентус" (Турын).

Групавы этап новага сезона Лігі чэмпіёнаў завершыцца 11 снежня. У 1/8 фіналу выйдуць па дзве лепшыя каманды з васьмі квартэтаў. Стадыя плэй-оф стартуе 18 лютага 2020 года, вырашальны паядынак 65-га па ліку галоўнага клубнага турніру Старога Свету адбудзецца 30 мая на Алімпійскім стадыёне ў Стамбуле.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі