Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 красавіка 2018, 10:01

Футбалісты "Баварыі" ўступілі "Рэалу" ў дамашнім паўфінале Лігі чэмпіёнаў

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты мюнхенскай "Баварыі" ўступілі мадрыдскаму "Рэалу" ў дамашнім паўфінальным матчы Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Амаль паўгадзіны гульні на "Альянс-Арэне" абодва сапернікі дзейнічалі вельмі акуратна, стараючыся абараніць свае вароты. Толькі на 28-й хвіліне гаспадары правялі выдатную атаку, якую дакладным ударам завяршыў Джошуа Кіміх - 1:0. Ледзь не да самага канца першага тайма "Баварыя" валодала ініцыятывай, але ні Роберт Левандоўскі, ні Франк Рыберы, ні Томас Мюлер не выкарыстоўвалі свае галявыя моманты. А на 44-й хвіліне ў адной з рэдкіх контратак гасцей Марсэла нанёс удар, з якім не справіўся галкіпер мюнхенцаў Свен Ульрайх - 1:1.

На старце другой палавіны сустрэчы каманды зноў асцярожнічалі, амаль не спрабуючы абвастрыць гульню. На 56-й хвіліне баварцы груба памыліліся ў цэнтры поля пры арганізацыі атакі, чым скарысталіся Лукас Васкес і Марка Асенсіа, які адправіў другі мяч у вароты Ульрайха. Апынуўшыся ў ролі даганяючых, чэмпіёны Германіі пайшлі наперад і стварылі нямала небяспечных сітуацый каля варот "Рэала", але так і не дабіліся поспеху, прайграўшы з лікам 1:2.

Паядынак у адказ за выхад у фінал адбудзецца 1 мая на полі мадрыдскага "Сант'яга Бернабеу".

2 мая на рымскім "Стадыё Алімпіка" італьянская "Рома" прыме англійскі "Ліверпуль". Іх першая сустрэча на "Энфілд Роўд" завяршылася вікторыяй англійскай каманды - 5:2.

26 красавіка першыя паўфінальныя гульні пройдуць у другім па рангу клубным турніры Старога Свету - Лізе Еўропы. У Лондане англійскі "Арсенал" пад кіраўніцтвам Арсена Венгера, які ў хуткім часе пакіне пасаду галоўнага трэнера "кананіраў", прыме мадрыдскі "Атлетыка". Французскі "Марсель" на сваім "Веладроме" згуляе з аўстрыйскім "Зальцбургам". Абодва матчы пачнуцца ў 22.05 і будуць паказаны ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 2" (з Марселя) і "Беларусь 5" (з Лондана).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі