Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 верасня 2017, 13:31

Футбалісты БАТЭ згулялі ўнічыю з "Црвенай Зоркай" у стартавым матчы Лігі Еўропы

15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты БАТЭ згулялі ўнічыю з "Црвенай Зоркай" з лікам 1:1 у стартавым матчы групы Н Лігі Еўропы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Матч, які адбыўся ў Бялградзе на стадыёне "Райка Міціч", атрымаўся даволі цікавым. Беларуская каманда пастаралася ў гасцях надзейна згуляць у абароне. Тым больш падапечныя Аляксандра Ермаковіча не лічыліся ў мінулай гульні фаварытамі. Сербскія футбалісты часцей валодалі мячом, барысаўчане ў сваю чаргу стараліся дзейнічаць на контратаках. Аднак на 54-й мінуце госці не змаглі перапыніць пас уздоўж варот ва ўласнай штрафной, а Неманья Радоньіч без цяжкасці адправіў мяч у сетку.

Пасля гола знакамітая ў мінулым "Црвена Зорка" страціла кантроль над мячом, перавагай валодалі футбалісты БАТЭ. Небяспечныя атакі і перспектыўныя камбінацыі сталі часцей узнікаць ля штрафной пляцоўкі варот бялградцаў. У адным з эпізодаў на 72-й мінуце абарона гаспадароў дапусціла памылку. Рыкардзіньё, які выйшаў на замену, не ўсачыў за Мірка Іванічам, які зрабіў перадачу ў штрафную, дзе Мікалай Сігневіч ударам галавой не пакінуў шанцаў галкіперу сапернікаў - 1:1.

Другі матч групы Н паміж "Арсеналам" і "Кёльнам" давялося перанесці на гадзіну з-за паводзін шматтысячнага натоўпу фанатаў нямецкага клуба, які спрабаваў без білетаў прарвацца на стадыён. Клуб з Германіі доўгі час лідзіраваў у ліку пасля ўдару на 9-й мінуце Джона Кардобы. У другім тайме англійскі клуб намаганнямі Сеада Калашынаца, Алексіса Санчэса і Хектара Белерына ўстанавіў канчатковы лік - 3:1 на карысць "Арсенала".

У другім туры лігі Еўропы БАТЭ 28 верасня прыме на сваім полі лонданскі "Арсенал", а "Кёльн" згуляе дома з "Црвенай Зоркай".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі