Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 жніўня 2018, 10:13

Футбалісты БАТЭ згуляюць з ПСВ у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў

21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты барысаўскага БАТЭ сёння правядуць першы матч за выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў супраць галандскага ПСВ з Эйндховена. Гульня на полі "Барысаў-Арэны" пачнецца ў 22.00 і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 5", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Галоўным суддзёй сустрэчы будзе рэферы ФІФА Фелікс Цваер з Германіі. Напярэдадні гульні настаўнік барысаўчан Аляксей Бага сказаў, што хоць яго падапечныя ўжо забяспечылі сабе месца ў групе Лігі Еўропы, яны будуць імкнуцца прабіцца ў групавы этап галоўнага кантынентальнага турніру - Лігі чэмпіёнаў. Для гэтага трэба перамагчы па суме дзвюх сустрэч ПСВ, які вельмі моцны, але пакуль ёсць магчымасць, трэба змагацца за перамогу, адзначыў настаўнік 14-разовых чэмпіёнаў Беларусі.

Трэнер чэмпіёнаў Нідэрландаў Мар ван Бомел таксама разлічвае на поспех па суме дзвюх сустрэч з барысаўчанамі і выхад у групавы этап ЛЧ. Футбалісты ПСВ прыбылі ў Барысаў 20 жніўня і вечарам правялі перадматчавую трэніроўку на полі "Барысаў-Арэны".

Пасля заканчэння сённяшняга матчу для зручнасці гледачоў будзе арганізавана бясплатная электрычка, якая давязе ў Мінск балельшчыкаў БАТЭ. Яна стартуе ад станцыі Барысаў у 0.08 і прыбудзе на бліжэйшы да "Барысаў-Арэны" прыпыначны пункт Пячынскі ў 0.14. У 0.20 састаў адправіцца ў сталіцу, прычым зробіць толькі тры прамежкавыя прыпынкі - Жодзіна-Паўднёвае, Зарэчнае, Мінск-Усходні і прыбудзе на станцыю Мінск-Пасажырскі.

Паядынак у адказ пройдзе 29 жніўня на стадыёне "Філіпс" у Эйндховене. Пераможца двухраўндавай дуэлі выйдзе ў групавы этап галоўнага кантынентальнага турніру, прайграўшы прадоўжыць еўракубкавы сезон у групе Лігі Еўропы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі