Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
30 сакавіка 2018, 15:59

Футбалісты БАТЭ ўступаюць у сезон з новым спонсарам - Мінскім трактарным заводам

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы матч 28-га чэмпіянату Беларусі футбалісты барысаўскага БАТЭ правядуць з новым лагатыпам на гульнявой форме - тытульным спонсарам 14-разовых чэмпіёнаў стаў Мінскі трактарны завод. Пагадненне аб партнёрстве падпісалі генеральны дырэктар МТЗ Фёдар Дамаценка і старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе барысаўскага клуба.

На думку кіраўнікоў, супрацоўніцтва абяцае быць плённым і выгадным і для МТЗ, і для ФК БАТЭ. Падпісанае сёння пагадненне разлічана на год. Да гэтага тытульным спонсарам барысаўскага клуба быў "Белдзяржстрах". Футбалісты БАТЭ свой стартавы паядынак 28-га нацыянальнага першынства правядуць 1 красавіка на полі "Барысаў-Арэны" супраць дэбютантаў элітнага дывізіёна "Смалявіч".

Беларуская федэрацыя футбола напярэдадні старту чэмпіянату краіны таксама аб'явіла аб маштабным графічным новаўвядзенні для сезона ў першай і другой лігах, жаночым чэмпіянаце, а таксама Кубку Беларусі. Сумесна са спецыялістамі з кампаніі Dab.Agency быў створаны новы візуальны пакет. Пры прапрацоўцы фірменнага стылю была захавана традыцыйная футбольная тэматыка, але ў яго быў прыўнесены ўнікальны беларускі стыль. У выніку падрыхтавана цэлая лінейка канцэптаў, аснову каларыстыкі якой склала традыцыйнае для рэспублікі спалучэнне белага, зялёнага і чырвонага колераў.

Сістэмаўтваральным элементам лагатыпа стаў мяч у рэльефнай дынаміцы. У траекторыі яго палёту лініі руху ўяўляюць футбольнае поле з 11 кропкамі-ігракамі. Знамянальна, што і ў манахромным выглядзе лагатып не страчвае дынамікі, застаючыся пазнавальным на любых носьбітах.

На аснове лагатыпа "Беларусбанк - вышэйшая ліга" былі распрацаваны эмблемы яшчэ чатырох спаборніцтваў пад эгідай АБФФ. І калі ў Кубка краіны раней быў свой сімвал, то першая, другая лігі і жаночае першынство ўпершыню ў гісторыі атрымалі ўнікальны візуал з уласным каляровым кодам.

Істотна перапрацаваны і фірменны стыль беларускіх футбольных спаборніцтваў, скроены з дынамічных і рытмічных ліній, якія ўтвараюць пяцівугольнік. Фігура з'яўляецца сімвалам футбольнага мяча і сеткі варот - яна паўтарае састаўны элемент з кропак лагатыпа вышэйшай лігі.-0-

Фота Раміля Насібуліна.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі