22 лютага, Пхёнчхан /Кар. БЕЛТА/. Фрыстайліст з ЗША Дэвід Уайз стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам у хафпайпе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе спаборніцтваў у Пхёнчхане ў трэцяй спробе амерыканец атрымаў ад суддзяў 97,20 бала і заняў першае месца. На другім радку падагульняючага пратакола размясціўся яго суайчыннік Алекс Ферэйра - 96,40 бала. Новазеландзец Ніко Партэус стаў трэцім - 94,80.
Дэвід Уайз заваяваў другі залаты медаль у хафпайпе. У 2014 годзе ён перамог на алімпійскіх спаборніцтвах у Сочы. Фрыстайліст прынёс сёмую залатую ўзнагароду Гульняў у Пхёнчхане зборнай ЗША, якая ў медальным заліку знаходзіцца на чацвёртай пазіцыі.-0-