Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 студзеня 2018, 16:07

Форвард ФК БАТЭ Віталь Радзівонаў завяршае гульнявую кар'еру

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нападаючы барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ Віталь Радзівонаў прыняў рашэнне завяршыць гульнявую кар'еру. Інфармацыя аб гэтым размешчана на афіцыйным сайце 14-разовых чэмпіёнаў Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Адзін з лепшых форвардаў у гісторыі БАТЭ так пракаменціраваў сваё рашэнне: "Надышоў час аб'явіць, што мінулы год стаў для мяне апошнім у якасці футбаліста БАТЭ. Хачу сказаць вялікі дзякуй усім тым, хто знаходзіўся побач са мной на працягу ўсяго гэтага шляху, дапамагаў мне, а часам нават ствараў нейкія перашкоды, якія толькі дабаўлялі мне матывацыі". Віталь Радзівонаў таксама падзякаваў балельшчыкам, партнёрам па камандзе, трэнерам, якія дапамаглі яму перажыць неверагодныя эмоцыі, што застануцца ў памяці назаўсёды. У далейшым Віталь Радзівонаў, якому нядаўна споўнілася 34 гады, прадоўжыць працаваць у структуры БАТЭ.

У складзе барысаўскага клуба ён з'явіўся ў пачатку 2006 года і з таго часу правёў за яго 412 матчаў, забіўшы 161 мяч. Разам з "жоўта-сінімі" Прафесар, як называюць Радзівонава партнёры за разумную гульню, 12 разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі, тройчы заваёўваў Кубак краіны і шэсць разоў - Суперкубак. Адным з самых знакавых эпізодаў у гульнявой кар'еры Віталя Радзівонава стаў яго гол у заключным паядынку чэмпіянату Беларусі-2017 у гасцях у "Гарадзеі". Зраўнаваўшы лік на апошніх секундах гульні (3:3), Радзівонаў дапамог БАТЭ заваяваць свае чарговыя залатыя медалі нацыянальнага першынства. ФК БАТЭ ад імя сваіх балельшчыкаў дзякуе Віталю за велізарны ўклад у дасягненні клуба.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі