Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 жніўня 2017, 19:33

Дзве сярэбраныя ўзнагароды заваявалі беларускія атлеты ў шосты дзень Сусветнай універсіяды

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзве сярэбраныя ўзнагароды заваявалі беларускія атлеты ў шосты дзень Сусветнай універсіяды ў Тайбэі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларус Павел Барэйша падняўся на другую прыступку п'едэстала ў кіданні молата. На лёгкаатлетычным стадыёне ў сектары для кідання сабраліся многія вядомыя атлеты, якія ў пачатку жніўня выступалі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане. Барацьба за ўзнагароды Сусветнай універсіяды разгарнулася паміж шасцю спартсменамі. У першай спробе Павел Барэйша адправіў молат на адзнаку 66 м 89 см, у той час як яго канкурэнты паказалі рэзультат за 70 м. Доўгі час беларус не мог зрабіць добрай спробы. Толькі ў пятым выхадзе ў сектар яго молат паляцеў на 77 м 98 см, што дало магчымасць Паўлу Барэйшу заняць другое месца. Пераможцам універсіяды стаў дзеючы чэмпіён свету Павел Файдэк, які паказаў рэзультат 79 м 16 см. Бронзавую ўзнагароду заваяваў вядомы кідальнік з Малдовы Сяргей Маргіеў - 74 м 98 см. Павел Барэйша другі раз запар заняў другое месца ў кіданні молата на Сусветнай універсіядзе, у 2015 годзе ў карэйскім Кванджу ён таксама быў у прызёрах.

У спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы сярод жанчын у катэгорыі да 75 кг беларуска Дар'я Навумава стала другой. Яе рэзультат - 240 кг у дваябор'і (105 кг + 135 кг). Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра вяла ўпартую барацьбу з прадстаўніцай гаспадароў спаборніцтваў - Яа Чы-Лінь. Пасля першага практыкавання (рыўка) абедзве спартсменкі паказалі аднолькавы рэзультат (105 кг), але беларуска займала трэці радок у пратаколе, уступіўшы па ўласнай вазе. У штуршку, які лічыцца асноўным практыкаваннем для Дар'і Навумавай, яна падняла штангу вагой 130 кг супраць 126 кг у Яа Чы-Лінь, а ў другім выхадзе на памост замацавала свой поспех, справіўшыся з вагой у памеры 135 кг. Пераможцам універсіяды ў катэгорыі да 75 кг стала цяжкаатлетка з КНДР Рым Ён Сім - 260 кг (115 кг +145 кг).

Узнагароды Паўла Барэйшы і Дар'і Навумавай далі магчымасць папоўніць скарбонку студэнцкай зборнай у Тайбэі. Раней плывец Ілья Шымановіч заняў першае месца на дыстанцыі 100 м брасам, падзяліўшы вышэйшую прыступку п'едэстала з амерыканцам Эндру Уілсанам.

З трыма медалямі Беларусь падзяляе 23-е месца ў медальным заліку з Дамініканскай Рэспублікай. Лідзіруе каманда Рэспублікі Карэя - 56 узнагарод, з якіх 23 - залатыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі