Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
25 красавіка 2018, 14:03

"Дынама-Мінск" у новым сезоне КХЛ зменіць дывізіён

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейны клуб "Дынама-Мінск" у новым сезоне рэгулярнага чэмпіянату КХЛ зменіць дывізіён, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе каманды.

Кантынентальная хакейная ліга зацвердзіла структуру правядзення і склад дывізіёнаў на 11-ы чэмпіянат. Згодна са змяненнямі, "зубры" будуць выступаць у дывізіёне Тарасава, дзе таксама згуляюць "Віцязь", "Лакаматыў", "Слован", "Сочы" і ЦСКА. У сезоне 2017/2018 мінскія дынамаўцы гулялі ў дывізіёне Баброва.

Новаўвядзенні ў структуры рэгулярнага чэмпіянату КХЛ датычацца павелічэння колькасці матчаў. На першым этапе кожная каманда праводзіць па адной гульні на сваёй пляцоўцы і ў гасцях з усімі астатнімі клубамі лігі (48 матчаў, 24 - на сваёй пляцоўцы і 24 - на выездзе). Дадаткова ўсе каманды праводзяць у сваіх канферэнцыях 14 матчаў (7 дома і 7 у гасцях). Усяго на першым этапе чэмпіянату кожная каманда правядзе па 62 матчы, 31 - на сваёй пляцоўцы і 31 - на пляцоўцы саперніка. У сезоне, які завяршыўся, кожны клуб правёў 56 гульняў. Хакеісты "Дынама" занялі ў турнірнай табліцы 10-е месца, набраўшы 73 ачкі ў 56 сустрэчах. Уладальнікам Кубка Гагарына ў плэй-оф трэці раз у гісторыі стаў казанскі "Ак Барс".

Згодна з рэгламентам КХЛ, мінчане пачнуць перадсезонную падрыхтоўку не раней за 50 дзён да пачатку чэмпіянату, які стартуе 1 верасня. Плануецца, што падапечныя Гордзі Дуаера згуляюць 2 жніўня ў Мінску з новасібірскай "Сібір'ю". C 5 па 11 жніўня "Дынама-Мінск" адправіцца на Кубак губернатара Ніжагародскай вобласці, у якім згуляюць "Тарпеда" (Ніжні Ноўгарад), маскоўскае і рыжскае "Дынама", "Спартак" і "Аўтамабіліст". З 21 па 26 жніўня "зуброў" чакае традыцыйны турнір у Рызе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі