Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
01 ліпеня 2016, 14:02

Дубль з пенальці Старгародскага дапамог "Шахцёру" перамагчы фарэрскі "Рунавік" у матчы Лігі Еўропы

1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты салігорскага "Шахцёра" абыгралі на выездзе фарэрскі клуб "Рунавік" 2:0 у першым матчы стартавага раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Тафціры салігорскай дружыне давялося абыходзіцца без траўміраванага лепшага бамбардзіра Мікалая Януша, аднак гэта не перашкодзіла дабіцца перамогі. На працягу ўсёй гульні гарнякі дамінавалі і двойчы ў канцоўках абодвух таймаў атрымалі права на пенальці. Абодва 11-метровыя ўпэўнена рэалізаваў капітан "Шахцёра" Арцём Старгародскі. Гаспадары гулялі даволі груба і зарабілі чатыры папярэджанні і выдаленне. Сустрэча ў адказ адбудзецца на салігорскім стадыёне "Будаўнік" 7 ліпеня (пачатак у 21.00). Лепшая каманда гэтай пары ў другім адборачным крузе сустрэнецца з пераможцам пары "Дамжале" (Славенія) - "Лусітанас" (Андора). Іх першая гульня на полі славенскага клуба завяршылася перамогай гаспадароў - 3:1.

Яшчэ адзін беларускі прадстаўнік, мінскае "Дынама", напярэдадні прымала на сваім полі гасцей з латвійскага "Спартака" (Юрмала) і выйграла з лікам 2:1. Тут таксама быў зафіксаваны галявы дубль, які аформіў мінчанін Арцём Быкаў. Сапернікі зноў сустрэнуцца 7 ліпеня ў Латвіі. Калі мінчанам удасца перамагчы па суме дзвюх гульняў, то іх наступным апанентам стане мацнейшы па выніках сустрэч паміж ірландскім "Сэнт-Патрыксам" і "Ла Фіярытай" з Сан-Марына. У першым паядынку ірландцы перамаглі ў сябе дома з лікам 1:0.

Футбалісты жодзінскага "Тарпеда-БелАЗ" уступяць у барацьбе з другога раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы. Можна з упэўненасцю сказаць, што сапернікам аўтазаводцаў будзе венгерскі "Дэбрэцэн", які разграміў у першым паядынку "Ла Фіярыту" на яе полі з лікам 5:0.-0- 

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі