Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 студзеня 2018, 19:56

Дар'я Домрачава заняла чацвёртае месца ў спрынце на шостым этапе КС у італьянскім Антхольцы

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская біятланістка Дар'я Домрачава заняла чацвёртае месца ў спрынце на шостым этапе Кубка свету ў італьянскім Антхольцы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Лідар беларускай зборнай упэўнена правяла гонку, паказаўшы добрую скорасць праходжання дыстанцыі. Дар'я Домрачава прэтэндавала на траплянне на п'едэстал гонару, але ў час стральбы стоячы дапусціла адзін промах, які не дазволіў ёй завяршыць гонку ў тройцы прызёраў. Беларуска ўвайшла ў лік спартсменак, якія прынялі ўдзел у кветкавай цырымоніі.

На фінішы трохразовую алімпійскую чэмпіёнку апярэдзілі нарвежка Цірыль Экхаф, якая заняла першае месца - 21 мін 05,3 сек (0+0), Лаўра Дальмаер з Германіі - +12,0 сек (0+0) і Вераніка Віткава з Чэхіі, якая заваявала бронзавую ўзнагароду - 20,6 сек (0+0). Дар'я Домрачава адстала ад пераможцы на 23 секунды (0+1).

Іншыя беларускія біятланісткі ў дваццатку мацнейшых не трапілі. Надзея Скардзіна заняла 28-е месца - +1 мін 33,5 сек (0+1), Надзея Пісарава стала 36-й - 1 мін 50,2 сек (0+1). Дзінара Алімбекава правяла гонку без промахаў, але не паказала высокай скорасці - +1 мін 56,2 сек (0+0). Не ўдалася гонка ў Ірыны Крыўко, якая дапусціла чатыры промахі на двух агнявых рубяжах - + 3 мін 13,7 сек (3+1).

У агульным заліку Кубка свету лідзіруе фінка Кайса Мякярайнен - 504 балы. Дар'я Домрачава займае 10-е месца (328), Ірына Крыўко размясцілася на 17-й пазіцыі (266), Надзея Скардзіна - на 18-й (263), Надзея Пісарава - 70-я (18), Дзінара Алімбекава размясцілася на 72-м радку(14), Дар'я Юркевіч - 84-я (5).

Шосты этап Кубка свету, які з'яўляецца заключным стартам перад Алімпійскімі гульнямі ў Пхёнчхане, прадоўжыцца 19 студзеня мужчынскім спрынтам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі