Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 ліпеня 2018, 12:53

ЧС па верталётным спорце стартуе на аэрадроме Ліпкі

23 ліпеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Урачыстае адкрыццё 16-га чэмпіянату свету па верталётным спорце адбудзецца 24 ліпеня ў 17.00 на аэрадроме Ліпкі Мінскага аэраклуба, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ДТСААФ.

Арганізатарамі чэмпіянату выступаюць ДТСААФ і Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту. "У час урачыстага адкрыцця выступіць пілатажная група нацыянальнай зборнай Беларусі на Як-55 Магілёўскага аэраклуба. Канцэртную праграму на свяце прадставіць акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі. Таксама на аэрадроме можна будзе ўбачыць узоры лятальных апаратаў, уключаючы ўнікальны По-2 - гэта адзіная ў краіне копія легендарнага самалёта, якая будзе лятаць. Начальнік Мінскага аэраклуба ДТСААФ Мікалай Мачанскі прайшоў курс лётнай падрыхтоўкі і выступіць на гэтай машыне на заключным этапе чэмпіянату свету", - праінфармавалі ў прэс-службе.

За медалі будуць змагацца 38 каманд з сямі краін свету. У склад нацыянальнай каманды Беларусі ўвайшлі самыя знакамітыя спартсмены абароннага грамадства: майстры спорту міжнароднага класа Андрэй Роганаў, Уладзімір Бугаёў, Мікіта Лапцеў, Уладзімір Стрыянок, Антон Данчанка, Аляксандр Грышчанка, Аляксей Мачанскі. Жаночая каманда прадстаўлена двума экіпажамі. Камандзір першага экіпажа Соф'я Куршубадзэ, лётчык-аператар Настасся Караткевіч. Камандзір другога экіпажа Ганна Рагажынская, лётчык-аператар Марына Канюшэўская. У камандзе сабраны экіпажы Віцебскага і Мінскага аэраклубаў ДТСААФ, а таксама федэрацыі авіяцыйнага спорту. "На аэрадроме Баравая паспяхова прайшлі зборы, беларуская зборная выканала ўсе задачы. Нацыянальная каманда гатова да чэмпіянату свету", - адзначылі ў ДТСААФ.

Асноўныя спаборніцтвы пройдуць на аэрадроме Баравая. Згодна з праграмай чэмпіянату спаборніцтвы пачнуцца 24 ліпеня ў 10.00 з практыкавання "Паралельны палёт на дакладнасць", затым адбудзецца "Паралельная развозка грузаў". У цэлым удзельнікі будуць спаборнічаць у выкананні чатырох практыкаванняў: "Навігацыя", "Паралельны палёт на дакладнасць", "Паралельная развозка грузаў" і "Паралельны слалам". Нацыянальныя каманды выступаюць на двух тыпах верталётаў Мі-2 і Робінсан-44.

У час чэмпіянату 28-29 ліпеня на аэрадроме Баравая пройдзе штогадовы авіяцыйны фестываль #ПРАНЕБА. Наведвальнікі ўбачаць больш за 30 лятальных апаратаў - ад аэрастатаў да самалётаў. Самымі відовішчнымі ў праграме абяцаюць стаць верталётныя гонкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі