21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Брыгада чэшскіх арбітраў атрымала назначэнне на вырашальны паядынак за выхад у групавы этап футбольнай Лігі Еўропы паміж барысаўскім БАТЭ і ўкраінскай "Александрыяй", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Галоўным суддзёй сустрэчы, якая пройдзе 24 жніўня на александрыйскім стадыёне "Ніка", будзе 36-гадовы рэферы ФІФА Міраслаў Зелінка. Асістэнты - Ондржэй Пелікан і Ян Патак, рэзервовы арбітр - Янак Пршыхада.
Першы паядынак раўнда плэй-оф, праведзены 17 жніўня на полі "Барысаў-Арэны", завяршыўся ўнічыю - 1:1. Пасля яго футбалісты БАТЭ таксама дома пацярпелі паражэнне ў матчы 19-га тура нацыянальнага першынства ад мінскага клуба "Крумкачы" - 2:3. Сапернікі барысаўчан у 6-м туры чэмпіянату Украіны згулялі ўнічыю - 0:0 у Львове з мясцовымі "Карпатамі".-0-