Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 сакавіка 2018, 12:55

Чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па слыху стартуе ў Гомелі

22 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. 6-ы чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях сярод інвалідаў па слыху стартуе сёння ў Гомелі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама.

Спаборніцтвы будуць праходзіць па 24 сакавіка. На старты ў Палацы лёгкай атлетыкі выйдуць каля 200 спартсменаў з 20 краін. У склад каманды Беларусі ўвайшлі 22 чалавекі.

Лёгкаатлеты пазмагаюцца за ўзнагароды ў такіх дысцыплінах, як бег на розныя дыстанцыі, скачкі ў даўжыню і вышыню, штурханне ядра, эстафеты і інш. Усяго сярод мужчын і жанчын будзе разыграна 33 камплекты ўзнагарод.

"Выканкам Еўрапейскага спартыўнага камітэта глухіх у 2016 годзе прадаставіў Беларусі права на правядзенне чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях сярод інвалідаў па слыху. У сакавіку мінулага года прадстаўнікі камітэта праінспектавалі гомельскі Палац лёгкай атлетыкі, высока ацанілі яго матэрыяльна-тэхнічную базу і далі згоду на правядзенне чэмпіянату", - расказалі ў Гомельскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту.

У цэнтры адзначылі, што лёгкая атлетыка з'яўляецца адным з самых папулярных відаў спорту ў праграме Дэфлімпійскіх гульняў. Беларускія спартсмены на працягу многіх гадоў паказваюць высокія рэзультаты на чэмпіянатах Еўропы, свету, Дэфлімпійскіх гульнях і займаюць вядучыя пазіцыі на міжнародных пляцоўках. Правядзенне ў нашай краіне спартыўнага форуму сярод інвалідаў па слыху такога высокага ўзроўню будзе садзейнічаць папулярызацыі беларускай школы лёгкай атлетыкі на міжнароднай арэне, развіццю і ўмацаванню міжнародных сувязей са спартыўнымі арганізацыямі глухіх.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі