Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 жніўня 2018, 18:56

Чэмпіянат Беларусі па аўтаслаламе стартуе 18 жніўня ў Магілёве

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіянат Беларусі па аўтаслаламе стартуе 18 жніўня ў Магілёве, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА арганізатар спаборніцтваў Анатоль Шаўчэнка.

Спаборніцтвы па скорасным манеўраванні - састаўная частка рэспубліканскай акцыі "Спартсмены за бяспеку дарожнага руху", у якой удзельнічаюць лепшыя прадстаўнікі аўтаспорту. Акцыя пройдзе 16-ы раз пры падтрымцы УДАІ МУС. У гэтым годзе фармат чэмпіянату змяніўся: да 7 гарадоў пашырылася геаграфія яго правядзення, а два этапы будуць арганізаваны ў адной вобласці два дні запар.

"Адкрыццё чэмпіянату адбудзецца ў Магілёве 18 жніўня. Гледачы змогуць атрымаць асалоду не толькі ад майстэрства спартсменаў, але і пратэсціраваць новыя аўтамабілі, сфатаграфавацца ў аварыйна-выратавальнай машыне і рэтрааўто, атрымаць прызы ад супрацоўнікаў ДАІ. 25 жніўня спартсмены зробяць прыпынак у Полацку, а ўжо на наступны дзень адправяцца ў Віцебск, дзе іх чакае самая доўгая і скорасная траса. Далей чэмпіянат пройдзе ў Гродне, Гомелі, Баранавічах і фінішуе ў сталіцы. Спаборніцтвы будуць арганізаваны ў абсалютным, аматарскім і камандным заліках", - сказаў Анатоль Шаўчэнка. Шчыльны графік правядзення этапаў стане як для спартсменаў, так і аматараў чарговым выпрабаваннем волі і майстэрства.

Чэмпіянат па аўтаслаламе ўключае не толькі спартыўна-відовішчны складнік, але і мае сацыяльную нагрузку. "Мы вучым аўтааматараў ваджэнню ў складаных умовах надвор'я, наглядна паказваючы розніцу паводзін цвярозага і п'янага пешахода, даводзім карысную інфармацыю да бацькоў перад пачаткам навучальнага года", - адзначыў Анатоль Шаўчэнка.

Удзельнікі ахвотна дзеляцца сваім майстэрствам з гледачамі. "Прыцягненне ўвагі да аўтаспорту, які з'яўляецца выдатнай школай вадзіцельскага майстэрства, дае вынікі. Цяпер у свядомасці многіх аўтааматараў ёсць устойлівае меркаванне, што бяспека на дарозе залежыць не толькі ад спраўнага аўтамабіля. Акрамя таго, спаборніцтвы па скорасным манеўраванні выклікаюць вялікую цікавасць у моладзі, якая не стала абмяжоўвацца адной дысцыплінай, а пайшла далей, паспрабаваўшы сябе і ў іншых відах аўтаспорту", - падкрэсліў ён.

Фінальныя заезды чэмпіянату па аўтаслаламе ў Мінску плануецца правесці 30 верасня, але будзе ўлічвацца надвор'е. Калі апошняя нядзеля верасня будзе дажджлівай, то спаборніцтвы перанясуць на 7 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі