Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 красавіка 2018, 13:36

Брэст прыме першы этап Кубка Садружнасці па хакеі на траве

18 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 19-21 красавіка пройдзе першы этап Кубка Садружнасці-2018 па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы трэнер брэсцкага хакейнага клуба "Будаўнік" Віктар Стасюк.

Гульні пройдуць на стадыёне аднайменнага мясцовага клуба. У гэтым годзе за трафей пазмагаюцца каманды з Беларусі, Расіі і Украіны. Першымі на пляцоўку выйдуць ХК "Мінск" і расійскае "Дынама-Электрасталь". Потым згуляюць брэсцкі "Будаўнік" і ўкраінская "ОКС - ШВСМ" з Вінніцы. Паміж сабой удзельнікі згуляюць па кругавой схеме. Пераможцай стане каманда, якая атрымае найбольш ачкоў.

Другі тур Кубка Садружнасці плануецца правесці ў Мінску. Папярэдне матчы пройдуць 14-16 жніўня. "Наш турнір даволі прэстыжны. У ім удзельнічаюць пераможцы і віцэ-чэмпіёны сваіх краін. З гэтага года статус Кубка Садружнасці павысіўся, паколькі ён зарэгістраваны ў Еўрапейскай федэрацыі хакея на траве. Гэта азначае, што ў будучым да турніру зможа далучыцца большая колькасць замежных удзельнікаў", - адзначыў Віктар Стасюк.

Акрамя таго, беларускія клубы рыхтуюцца да выступлення ў Кубку чэмпіёнаў па хакеі на траве ў дывізіёне "Трофі". Ён пройдзе ў сталіцы Аўстрыі Вене. "Будаўнік" і "Мінск" трапілі ў адну падгрупу, дзе разам з імі згуляюць прадстаўнікі Польшчы і Шатландыі. У другі квартэт вызначаны каманды з Украіны, Аўстрыі, Швейцарыі і Італіі. Пры ўдалым выступленні на турніры адзін з беларускіх клубаў можа заваяваць права на ўдзел у Еўралізе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі