Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 кастрычніка 2016, 13:25

БГК імя Мяшкова прайграў на выездзе ў Лізе чэмпіёнаў "Піку"

24 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі гандбольны клуб імя А.П.Мяшкова напярэдадні ў выязным матчы Лігі чэмпіёнаў прайграў венгерскаму "Піку", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Адпраўляючыся ў Сегед, чэмпіёны Беларусі разлічвалі толькі на перамогу. Да такога ж выніку імкнуліся і гаспадары пляцоўкі. Гандбалісты "Піка" з першых мінут захапілі ініцыятыву ў свае рукі, таму брастаўчане ўвесь першы тайм правялі ў ролі даганяючых. На перапынак каманды пайшлі з мінімальнай розніцай у ліку - 11:10 на карысць венгерскай дружыны. У другой палове сустрэчы БГК таксама не ўдалося зламаць супраціўленне сапернікаў. Паядынак завяршыўся безагаворачнай перамогай "Піка" з лікам 24:22.

"Улічваючы, што гулялі трэці матч на выездзе, было няпроста. Тым не менш, я задаволены, што каманда змагалася, гуляла на перамогу. Цяпер паўза. Ёсць тры тыдні для падрыхтоўкі да наступных гульняў. Самыя асноўныя з іх наперадзе. Калі правядзём іх паспяхова, то задача на сезон будзе вырашана на 80 працэнтаў", - заявіў пасля матчу галоўны трэнер Брэсцкага гандбольнага клуба Сяргей Бябешка.

У пятым туры Лігі чэмпіёнаў у элітнай групе В таксама адбыліся і іншыя матчы. Так, шведскі "Крысціянстад" і славенскі "Цэле" згулялі ўнічыю - 29:29. Аўтсайдар харвацкі "Заграб" набраў першыя ачкі, выйграўшы дома ў македонскага "Вардара" (28:27). Дзеючы чэмпіён турніру - польскі "Віве" - разгромна ўступіў на выездзе нямецкаму "Райн Левену" - 34:26.

На гэтым адрэзку ў групе па-ранейшаму лідзіруюць "Віве" і "Вардар", якія набралі па 8 ачкоў. У гандбалістаў "Райн Левена" - 7 балаў, "Піка" - 5, БГК - 4. Па тры ачкі зарабілі "Крысціянстад" і "Цэле". Замыкае табліцу з двума баламі "Заграб".

У Лізе чэмпіёнаў настае непрацяглы перапынак. У гэты час БГК выступіць у SEHA-лізе. Так, 26 кастрычніка брастаўчан чакае дамашні паядынак супраць "Заграба", 29 кастрычніка - са славенскім "Гарэнье", а 8 лістапада адбудзецца выязны матч супраць венгерскага "Веспрэма".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі