Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 верасня 2017, 12:06

Беларусы ўступілі шведам у адборачным матчы футбольнага чэмпіянату свету

4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі камандзе Швецыі з лікам 0:4 у дамашнім матчы кваліфікацыі чэмпіянату свету-2018, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь - Швецыя - 0:4 (0:3)

3 верасня. "Барысаў-Арэна". 4500 гледачоў.

Суддзя - Тобіяс Штылер (Германія).

Беларусь: Чэрнік; Бурко, Філіпенка, Сівакоў, Сачыўка, Рыяс, Балановіч (Савіцкі, 61), Няхайчык (Драгун, 46), Корзун, Сарока, Сігневіч (Быкаў, 79).

Швецыя: Ольсен; Ліндэлёф, Аўгустынсан, Гранквіст, Лустыг, Форсберг, Дурмаз (Класан, 67), Юхансан (Свенсан, 69), Ларсан, Нюман, Берг.

Галы - 0:1 - Форсберг (18), 0:2 - Нюман (24), 0:3 - Берг (37), 0:4 - Гранквіст (84, з пенальці).

Папярэджанні - Нюман, Корзун, Чэрнік, Філіпенка.

Абедзве каманды ў папярэднім туры пацярпелі гасцявыя паражэнні - беларусы прайгралі Люксембургу (0:1), шведы - балгарам (2:3) і мелі намер набраць ачкі ў гэтым процістаянні. Аднак зрабіць гэта ўдалося толькі гасцям. Толькі ў стартавыя 15 мінут беларускія футбалісты гулялі як роўныя, а затым пайшлі недарэчныя памылкі ў абароне, вынікам якіх сталі тры галы ў вароты Сяргея Чэрніка. На 18-й мінуце лік адкрыў Эміл Форсберг, праз 6 мінут яго пачын падтрымаў Крыстафер Нюман, а на 37-й мінуце Маркус Берг трэці раз засмуціў беларускіх балельшчыкаў. Давёўшы лік да буйнога, шведы крыху супакоіліся і далі магчымасць беларусам правесці пару-тройку атак, якія не ўвянчаліся поспехам.

У перапынку галоўны трэнер гаспадароў Ігар Крывушэнка правёў толькі адну замену - замест Паўла Няхайчыка выйшаў Станіслаў Драгун, затым на полі з'явіліся Павел Савіцкі і Арцём Быкаў, але гэта ніякім чынам не палепшыла гульню беларускай зборнай. У канцоўцы гульні адна з атак шведаў завяршылася назначэннем пенальці ў вароты Чэрніка, і капітан гасцей Андрэас Гранквіст устанавіў канчатковы рэзультат - 4:0.

У іншых паядынках 8-га тура кваліфікацыйнай групы А зборная Нідэрландаў у Амстэрдаме перамагла каманду Балгарыі з лікам 3:1, у Тулузе лідары групы футбалісты Францыі згулялі ўнічыю з аўтсайдарам Люксембургам - 0:0.

Турнірнае становішча пасля 8 гульнявых дзён: Францыя - 17 ачкоў (розніца мячоў - 15-5), Швецыя - 16 (18-7), Нідэрланды - 13 (16-11), Балгарыя - 12 (13-17), Люксембург - 5 (7-17), Беларусь - 5 (4-16).

Матчы перадапошняга, 9-га тура адбудуцца 7 кастрычніка: зборная Беларусі прыме галандцаў, шведы згуляюць на сваім полі з Люксембургам, французы выступяць у гасцях у балгарскіх футбалістаў. Завершыцца турнір у групе А 10 кастрычніка трыма паядынкамі: Францыя - Беларусь, Нідэрланды - Швецыя, Люксембург - Балгарыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі