11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мельбурне адбылася жараб'ёўка першага ў сезоне тэніснага турніру серыі "Вялікага шлема" - адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У стартавым раўндзе жаночага адзіночнага разраду першая ракетка Беларусі Аляксандра Сасновіч, якая займае 53-е месца ў сусветным рэйтынгу, сустрэнецца з амерыканкай Крысцінай Макхейл, у якой 67-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA. Саперніцай Арыны Сабаленка (69-ы нумар сусветнага рэйтынгу) будзе 19-я ракетка планеты аўстралійская тэнісістка Эшлі Барці.
У лік 128 удзельніц асноўнай сеткі Australian Open можа прабіцца яшчэ адна беларуска - Вера Лапко (135). Сёння яна паспяхова пачала кваліфікацыйны этап, перайграўшы румынку Аляксандру Каданцу (171) - 6:3, 6:1. Наступнай саперніцай Веры будзе швейцарская тэнісістка Штэфані Фегеле (144).
Матчы асноўнага этапу пачнуцца на кортах "Мельбурн Парка" 15 студзеня, а завершыцца аўстралійскае першынство 28 студзеня.-0-