Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 мая 2017, 18:38

Беларускія тэнісісты Ілья Івашка і Уладзімір Ігнацік прайгралі ў кваліфікацыі "Ралан Гарос"

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія тэнісісты Ілья Івашка і Уладзімір Ігнацік прайгралі ў матчах другога круга кваліфікацыі турніру серыі Вялікага шлема "Ралан Гарос" (прызавы фонд 36 млн еўра), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Ілья Івашка (119-ы ў рэйтынгу АТП) уступіў у двух сэтах першаму нумару пасеву ў кваліфікацыі Марыушу Копілу з Румыніі - 2:6, 2:6. У першым крузе беларус быў мацнейшы за бельгійца Кімера Копеянса (164) - 6:2, 6:2. Уладзімір Ігнацік (149) пасля перамогі над прадстаўніком Кітая Дзі Ву (217) - 6:1, 6:2 - прайграў сёння калумбійцу Сант'яга Хіральда (107) - 2:6, 4:6.

Завяршыла барацьбу ў кваліфікацыі да прэстыжнага турніру беларуска Вольга Гаварцова (142-і рэйтынг ВТА), якая ўступіла маладой саперніцы Кайле Дэй (148) з ЗША - 1:6, 3:6. Арына Сабаленка (115) у больш упартым паядынку не змагла перамагчы Іпек Сойлу (154) з Турцыі - 6:4, 1:6, 6:7 (3).

Без папярэдняга адбору ў асноўнай сетцы на грунтавых кортах "Ралан Гарос" згуляе беларуска Аляксандра Сасновіч (96), а таксама Максім Мірны, які выступіць у мужчынскім парным разрадзе разам з расійскім тэнісістам Міхаілам Южным.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі