Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 мая 2016, 17:31

Беларускія хакеісты на ЧС-2017 згуляюць у адной групе з фіналістамі цяперашняга планетарнага першынства

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету-2017 у Францыі і Германіі згуляюць у папярэдняй групе В, дзе таксама будуць выступаць два фіналісты нядаўняга сусветнага першынства Канада і Фінляндыя, паведамляюць інфармагенцтвы.

Першы этап турніру беларусы правядуць у Парыжы на лёдзе спартыўнага комплексу "Берсі", пачаўшы спаборніцтвы 5 мая 2017 года сустрэчай з віцэ-чэмпіёнамі планеты фінамі. Потым сапернікамі беларускай лядовай дружыны будуць каманды Чэхіі (6 мая), Канады (8 мая), Швейцарыі (10 мая), Францыі (12 мая), Славеніі (13 мая) і Нарвегіі (16 мая).

У групе А ў нямецкім Кёльне будуць гуляць зборныя Германіі, Расіі, ЗША, Італіі, Швецыі, Латвіі, Славакіі і Даніі.

Спаборніцтвы пройдуць па ранейшай формуле - спачатку адбудуцца матчы ў групах, а затым па 4 лепшыя зборныя прадоўжаць барацьбу за ўзнагароды. Каманды, якія зоймуць у сваіх групах апошнія месцы, пакінуць элітны дывізіён хакейнага чэмпіянату свету. Фінальны матч 81-га сусветнага першынства пройдзе 21 мая 2017 года ў Кёльне.

На чэмпіянаце свету-2016 у Маскве і Санкт-Пецярбургу зборная Беларусі выступіла няўдала, заняўшы 12-ю падагульняючую пазіцыю сярод 16 каманд. Чэмпіёнамі планеты 26-ы раз сталі хакеісты Канады, якія перайгралі ў вырашальным паядынку каманду Фінляндыі з лікам 2:0. У барацьбе за бронзу расійская зборная разграміла амерыканцаў - 7:2. Вышэйшы дывізіён пакінулі зборныя Казахстана і Венгрыі, якіх у наступным годзе заменяць хакеісты Італіі і Славеніі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі