Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 кастрычніка 2017, 18:05

Беларуская тэнісістка Вера Лапко не здолела выйсці ў паўфінал Кубка Крамля

19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Вера Лапко не здолела выйсці ў паўфінал Кубка Крамля ў Маскве, прайграўшы ў чвэрцьфінальным паядынку румынцы Ірыне-Камеліі Бегу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сённяшні чвэрцьфінал Вера Лапко, якая займае 167-е месца ў рэйтынгу WTA, правяла вельмі няроўна, чаргуючы ўдалыя адрэзкі з правальнымі. У першым сэце яна аказала ўпартае супраціўленне значна больш вопытнай саперніцы, але ўсё ж Бегу, у якой 56-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу, перамагла з лікам 6:3. Другая партыя прайшла ў вельмі ўпартай барацьбе, і Вера Лапко здолела вырваць перамогу - 6:4. У вырашальным сэце ішла барацьба нерваў: спачатку румынка была наперадзе - 3:0, затым беларуска ўзмацніла націск, і ў хуткім часе лік зраўнаваўся - 4:4. Пасля гэтага Вера ў вельмі цяжкім дзявятым гейме здолела ўзяць падачу саперніцы - 5:4 і падавала на матч. Аднак беларуска не змагла справіцца з хваляваннем і прайграла два геймы на сваёй і чужой падачах - 5:6. Цяпер ужо румынка атрымала псіхалагічную перавагу і давяла справу да перамогі - 7:5.

Вера Лапко выйшла ў асноўную сетку Кубка Крамля, пераадолеўшы тры кваліфікацыйныя бар'еры. У асноўнай частцы яна перамагла прадстаўніцу Бельгіі Марыну Занеўскую - 6:2, 6:3 і Дар'ю Гаўрылаву з Аўстраліі - 6:3, 3:1 (адмова). Для 19-гадовай Веры Лапко цяперашні чвэрцьфінал стаў першым у кар'еры на турнірах катэгорыі "Прэм'ер".

У паўфінале Ірына-Камелія Бегу сустрэнецца з расійскай тэнісісткай Дар'яй Касаткінай, якая сёння перамагла беларуску Аляксандру Сасновіч - 6:4, 6:3.

Увечары адбудуцца яшчэ два чвэрцьфінальныя паядынкі: Алізэ Карнэ (Францыя) - Наталля Віхлянцава (Расія), Юлія Гергес (Германія) - Леся Цурэнка (Украіна).

У мужчынскім парным разрадзе беларус Андрэй Васілеўскі і чыліец Ханс Падліпнік-Кастылья сёння праводзяць матч за выхад у паўфінал супраць Даміра Джумхура (Боснія і Герцагавіна) і Антоніа Санчыча (Харватыя). Максім Мірны і аўстрыец Філіп Освальд заўтра таксама згуляюць у чвэрцьфінале, дзе іх сапернікамі будзе славацка-чэшскі тандэм Ігар Зелянай / Іржы Веселы.

Спаборніцтвы ў расійскай сталіцы, агульны прызавы фонд якіх складае $1,6 млн, завершацца 22 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі