24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская каманда "МАЗ-СПОРТаўта" вырашыла спыніць удзел у ралі "Шаўковы шлях", паведамілі БЕЛТА ў камандзе.
Напярэдадні ў час праходжання 3-га этапу адбылося ўмяшанне ў гонку арганізатараў, якія ўнеслі карэктывы ў ход этапу, чым прадаставілі неабгрунтаваную перавагу асобным удзельнікам гонкі, а для экіпажа 302 спартыўнай каманды "МАЗ-СПОРТаўта" дадатковую страту часу. Гэта сітуацыя паўплывала на вынікі 3-га этапу і на становішча экіпажаў у генеральнай класіфікацыі. На думку беларускіх удзельнікаў ралі-рэйду, арганізатары парушылі прынцыпы сумленнай барацьбы. У сувязі з гэтым спартыўная каманда "МАЗ-СПОРТаўта" прыняла рашэнне не прадаўжаць удзел у міжнародным ралі-рэйдзе "Шаўковы шлях-2018".
У гэтым годзе на трасу "Шаўковага шляху" ўпершыню выйшлі 4 беларускія экіпажы. Пасля другога этапу МАЗ Сяргея Вязовіча ўваходзіў у пяцёрку лідараў. Маршрут ралі праходзіць толькі па тэрыторыі Расіі. Агульная працягласць трасы складае 5948 км. Гонка стартавала ў Астрахані, завершыцца ў Маскве. Сярод перашкод - горныя ўчасткі, цясніны, рэчышчы рэк, яры і дзюны. У класе грузавікоў удзельнічае каля 20 экіпажаў. У мінулым годзе ўсе тры беларускія экіпажы ўвайшлі ў топ-10 агульнага заліку.-0-